Дабрачынная акцыя “Вянок ружаў”

IMG_5044

«Натхнім маленькіх вернікаў да шчырай малітвы да нашай агульнай Маці — Марыі» — пад такім дэвізам 27 верасня ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах прайшла дабрачынная акцыя «Вянок ружаў».

Напярэдадні кастрычніка — месяца асаблівага ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі праз ружанцовую малітву — студэнты каледжа сабраліся, каб супольнымі намаганнямі зрабіць невялікія падарункі для дзяцей.

У акцыі прыняла ўдзел надзвычай вялікая колькасць студэнтаў, усе працавалі з ахвотай і задавальненнем. У выніку ўсяго за некалькі гадзін з’явілася больш за сорак рознакаляровых ружанцаў.

Усе ружанцы былі асвечаны дырэктарам каледжа і перададзены ў парафію Св. Зыгмунта ў Баранавічах.

Для навучэнцаў каледжа гэта была добрая магчымасць падзяліцца сваімі ўменнямі, дапамагчы адзін аднаму, укласці часцінку дабрыні і любові ў сваю працу. Акцыя дапамагла ўбачыць, што з простых рэчаў, такіх, як шнурок і пацеркі, можна зрабіць рэчы прыгожыя і карысныя, якія дапамогуць дзецям узрастаць у веры, быць трывалымі ў малітве і дзякаваць Богу за Маці ўсіх — Марыю.