Тыя, хто нагадвае пра Пана, не змаўкайце: у Катэхетычным каледжы распачаўся новы навучальны год

11 кастрычніка ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага адбылося распачацце навучальнага года. Святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Звяртаючыся да будучых катэхетаў, а таксама да ўдзельнікаў навукова-практычнага семінара, які адбываўся ў гэты ж дзень у каледжы на тэму «Біблія — кніга Бога ці чалавека?», Апостальскі Нунцый пажадаў, каб яны былі тымі людзьмі, якія вядуць да Хрыста і да поўні Яго любові:

«Педагог — гэта той, хто вядзе. Мы не становімся катэхетамі, каб быць выкладчыкамі, але мы павінны падводзіць да сапраўднай школы — школы Езуса Хрыста», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што прыладай, якая дапамагае гэта зрабіць, павінна з’яўляцца Біблія.

Каб не абвяшчаць пустую праўду

«Можна абвяшчаць пустую праўду, можна быць адначасова і тэолагам, і атэістам. Наша ж задача — перадаць жывую Праўду, якую нясе Касцёл, якая становіцца Яго Целам і Крывёю падчас Эўхарыстыі, якая закранае самыя глыбокія духоўныя нервы», — дадаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Прытым іерарх нагадаў, што «мы не тыя, хто носіць гэтую праўду ў сваёй кішэні і могуць яе прадаваць, але мы — тыя, хто яе шукае».

Вера перадаецца праз дотык

Апостальскі Нунцый параўнаў каледж з крыніцай, з якой яго навучэнцы будуць набіраць Жывую Ваду – Хрыста, каб насычаць тых, хто патрабуе.

Таксама арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што атрыманыя веды — гэта вельмі важна, але яшчэ больш важна гэтыя веды прымяняць на практыцы і рабіць гэта з верай, якую можна перадаваць не выключна рацыянальным спосабам, але і праз дотык.

Пасля Эўхарыстыі ў лекцыйнай зале каледжа адбылося прывітанне першакурснікаў, слова да якіх скіраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, адзначыўшы, што, «можа, не ўсе стануць у будучыні выкладчыкамі катэхезы ў школе, пры касцёле — некаторыя, атрымаўшы веды (…), выкарыстаюць іх для духоўнай карысці для сябе, у сям’і, даючы парады блізкім, сваякам, знаёмым. Каб Касцёл у сучасным свеце быў для жыхароў зямлі лямпай, якая сваім святлом указвае на Хрыста, адзінага Збаўцу свету».

Ардынарый Пінскай дыяцэзіі падзякаваў усім, хто дапамагае ў наладжванні навучальнага працэсу: дырэктару каледжа кс. Андрэю Рылку, айцам вербістам і выкладчыкам.

«Тыя, хто нагадвае пра Пана, не змаўкайце»

Таксама падчас прывітання тых, хто распачынае вучобу, былі ўручаны дыпломы тым, хто паспяхова скончыў гэты каледж. Выпускнікі мелі гонар атрымаць дыплом з рук арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, якому навучэнцы падрыхтавалі адмысловы падарунак — малюнак каледжа з партрэтам бл. Зыгмунда Лазінскага і сімвалічным надпісам: «Тыя, хто нагадвае пра Пана, не змаўкайце» (Іс 62, 2).

Паводле catholic.by