Заўважаць у простых рэчах незвычайнае: інтэрв’ю з Алёнай Лукашэвіч

image (1)

Як шмат цікавага і незвычайнага навокал! Але ці здольныя мы заўважыць гэта? Можа для гэтага патрэбна мець спецыяльныя здольнасці ці талент? Над гэтымі і іншымі пытаннямі сёння паразважаем разам з Алёнай Лукашэвіч, якая ўмее заўважаць незвычайнае нават у самых простых рэчах…

орп

Распавядзі, калі ласка, пра свае хобі. Калі ты зрабіла сваю першую працу? Адкуль узнікла ідэя?
Я заўсёды была неабыякавай да мастацтва… Мастацтва шукала заўсёды і ўва ўсім. Для мяне кантактаванне з людзмі – гэта мастацтва, прыгатаваць смачны абед і накарміць родных і любімых людзей – гэта мастацтва, зрабіць камплімент суседцы, што прабягае побач, — мастацтва, маленькая дзяўчынка, якая танцуе побач з маці ў парку таксама дорыць частачку мастацтва. Мне падабаецца заўважаць у самых на першы погляд простых рэчах штосьці незвычайнае, узвышанае. Ад гэтага кожны новы дзень напаўняецца яшчэ большай гармоніяй, паўнатой і радасцю. Яшчэ часцей, больш і грамчэй хочацца праслаўляць Пана і казаць: “Дзякуй Табе за дар жыцця! Які цудоўны створаны Табой свет”. Ніякіх асаблівых талентаў я ніколі не мела, добра маляваць я таксама не ўмела, але заўсёды было жаданне з чаго-небудзь простага і, можа быць, незаўважнага зрабіць штосьці прыгожае. Так, гадоў пяць таму і ўзнікла першая ідэя. Бо гэта так займальна эксперыментаваць і бачыць, як у тваіх руках перамяняюцца простыя рэчы. Першапачаткова гэта былі толькі карціны, а пазней, пасля запрашэння на выставу, што было нейкім штуршком, з’явіліся ўжо больш разнастайныя працы – кветкі, вазы, падсвечнікі, дэкаратыўныя бутэлькі…

 

Колькі часу патрэбна на стварэнне адной працы?

Звычайна, калі прыходзіць натхненне і запал, карціна з’яўляецца імгненна. Аднойчы ў стане такога натхнення атрымаліся адразу тры працы.

 

Адкуль атрымліваеш натхненне?

Асаблівае натхненне прыходзіць тады, калі міла і сціпла чуеш ад сяброў ці добрых знаёмых: “Алёна, ты ж памятаеш, што ў мяне хутка Дзень нараджэння, мне б вельмі хацелася ўпрыгожыць сваю кватэру (пакой) тваёй працай”. Для мяне гэта ўдвая задавальненнне, бо ў гэтай просьбе бачу яшчэ і камплімент. Да кожнага падарунка я падыходжу індывідуальна, разважаю, што таму ці іншаму чалавеку падышло б болей, што спадабалася б больш, чым магу здзівіць, і, безумоўна, у кожную працу ўкладаю сваю душу і любоў.

 

Ты выкарыстоўваеш вельмі розныя матэрыялы. Што дапамагае злучыць незлучальнае?

Думаю, фантазія і трошкі добрага густу.

 

Ты ўжо вядзеш катэхезу для дзетак. Наколькі гэта творчы працэс? Як дапамагае табе ў гэтым твае хобі?

Катэхеза – гэта вельмі творча разнастайны працэс. У групах дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту важную ролю адыгрываюць малюнкі. Графічная творчасць развівае ў дзіцяці ўяўленне і навык сузірання. Размалёўкі ніколі не могуць замяніць малюнак дзіцяці, бо яны абмяжоўваюць творчасць дзяцей. Менавіта таму я заўсёды з радасцю дапамагаю дзецям здзейсніць іх фантазіі з дапамогай лепкі, клеяння і малявання.

 

Якую са сваіх прац ты любіш больш за ўсе? Якая з іх найбольш блізкая і дарагая твайму сэрцу?

Летам гэтага году я асабліва адчула любоў і апеку Божай Маці. Можна сказаць, пазнаёмілася з Ёю бліжэй і ўбачыла Яе вачыма сэрца. У сувязі з гэтым была зроблена адна праца з выявай Марыі. Яна і ёсць найбольш блізкая і дарагая мне.

 

На тваю думку, што такое талент? Што адрознівае чалавека таленавітага ад звычайнага?

Упэўнена, што талент – гэта нішто іншае як Дар Божы. Адрозненне толькі ў тым, што адзін павінен дзякаваць за шчодрыя дары, а іншы, калі хоча іх мець, павінен прасіць іх.

 

Як ты лічыш, ствараць – гэта аддаваць (талент, час, матэрыялы) ці атрымліваць? Што ад свайго хобі атрымліваеш асабіста ты?

Для мяне ствараць – гэта аддаваць частачку сваёй душы, дзяліцца адчуваннем свайго светапогляду, але мне гэта прыемна. Часу на самой справе хапае не заўсёды, таму што праца прымушае ўсё пакінуць, спыніцца і засяродзіцца, але творчы працэс – гэта заўсёды цікава і займальна. Аднойчы, калі мяне запрасіла ў госці знаёмая, якой я калісьці падаравала сваю карціну, яна з такім запалам дэманстрацыйна падбегла да акна і з радасцю сказала: “Ты бачыш, я спецыяльна павесіла шторы пад колер тваёй карціны. Яна заўседы падымае мне настрой!” Таму калі я магу прынесці каму-небудзь радасць, то, безумоўна, атрымліваю яе сама і заўсёды бесперапынна дзякую і праслаўляю за гэта Бога.

 

Што б ты пажадала кожнаму таленавітаму ў той ці іншай сферы чалавеку?
Не закапаць свае таленты, як бачым у вядомай біблейскай прыпавесці. Памножыць, зберагчы, актыўна развіваць і абавязкова дзяліцца імі. Таксама жадаю любові, поспехаў, натхнення, пазітыву, цаніць кожны новы дзень і… глядзець толькі наперад!