«Чаму наркотыкі?»: сімпозіум, прысвечаны барацьбе з нарказалежнасцю, прайшоў у Баранавічах

phoca_thumb_l_2016-04-24-baranki-012

23 красавіка ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах прайшоў навукова-практычны сімпозіум, прысвечаны рэабілітацыі, аказанню духоўнай дапамогі і кансультаванню залежных людзей, якія ўжываюць наркатычныя і іншыя псіхаактыўныя рэчывы.

Праблема залежнасцяў у апошні час усё часцей уздымаецца ў нашай краіне. Сімпозіум у Баранавічах, у якім удзельнічала каля 100 чалавек з усёй Беларусі, стаў яшчэ адной спробай разабрацца ў гэтай тэме.

На пачатку мерапрыемства ўсіх прысутных прывітаў дырэктар Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага кс. Павел Рудзьман. Затым удзельнікі сімпозіума памаліліся малітвай «Ойча наш».

“Мы ведаем, што залежнасці з’яўляюцца пагрозай не толькі для асобна ўзятага чалавека, але і для грамадства ў цэлым. Калі 50 гадоў таму асноўнай грамадскай праблемай была сітуацыя не толькі з залежнымі мужчынамі, але і з усё нарастаючай колькасцю залежных жанчын, то сёння эстафету залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў падхапілі падлеткі і дзеці”, – заўважыў кс. Павел Рудзьман.

Дырэктар Катэхетычнага каледжа прадставіў гледачам спікераў сімпозіума і сваім уступным словам распачаў гэтае мерапрыемства.

Пра псіхічныя і саматычныя наступствы ўжывання наркатычных сродкаў распавяла Валянціна Мурына, загадчыца наркалагічнага аддзялення для лячэння і рэабілітацыі асобаў, якія пакутуюць ад залежнасцяў, ГАКЦ «Псіхіятрыя-наркалогія», а таксама лепшы ўрач-нарколаг Беларусі ў 2015 годзе.

«Практычна ўсе наркатычныя сродкі, не прыродныя, а сінтэтычныя, спачатку распрацоўваліся з добрымі намерамі, каб, напрыклад, дапамагчы людзям справіцца з цяжкімі псіхічнымі расстройствамі: з дэпрэсіяй, балявым сіндромам. Але ўсе гэтыя распрацоўкі або сыходзілі на чорны рынак, або высвятлялася, што яны прыводзяць да цяжкіх наступстваў», – заўважыла Валянціна Мурына.

Урач-нарколаг таксама распавяла ў сваёй прэзентацыі пра розныя віды наркатычных рэчываў, эфект, які імі дасягаецца, і наступствы ад іх ужывання. У гэтую класіфікацыю ўвайшлі снатворныя сідатыўныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца ў медыцынскіх мэтах, дызайнерскія наркатычныя сродкі (напрыклад, спайсы), опіумная група псіхаактыўных рэчываў, стымулятары, якія ўжываюцца на дыскатэках, а таксама сінтэтычныя канабіноіды.

“Карвалол, валакардзін змяшчаюць рэчыва фенабарбітал, якое раней выкарыстоўвалася для лячэння эпілепсіі. Яго выкарыстоўвалі доўгі час, але сталі заўважаць, што ў пацыентаў, якія прымаюць фенабарбітал, змяншаюцца разумовыя здольнасці. І ў большасці краін свету гэты прэпарат забаронены. Ён здольны выклікаць залежнасць”, – здзівіла частку аўдыторыі Валянціна Мурына.

Пра духоўныя наступствы ўжывання псіхаактыўных рэчываў распавёў кс. Павел Врубель, душпастыр цвярозасці Пінскай дыяцэзіі.

«Залежны чалавек губляе праўду, свядомасць свайго жыцця і ўчынкаў. Жыве ў падмане і губляе кантроль над сабой. Чалавек таксама губляе свабоду. Ён адрываецца ад крыніцы гэтага жыцця – ад Бога. Такім чынам залежныя знаходзяць шчасце не ў Богу, а ў нейкіх рэчывах, алкаголю і наркотыках. Гэта становіцца адзіным сэнсам іх жыцця», – адзначыў кс. Павел Врубель.

Святар падкрэсліў, што выйсце ёсць і заўсёды можна вярнуцца да Бога. Ксёндз Павел узгадаў прыклад марнатраўнага сына, які здолеў вярнуцца, нягледзячы на сваё разгульнае жыццё.

«Бог заўсёды кажа, што чакае чалавека. Дзякуючы малітве і навяртанню да Бога чалавек можа атрымаць аздараўленне. Але без кампетэнтнай дапамогі таксама вельмі цяжка выйсці з залежнасці. Гэта хвароба. Малітва важная, але патрэбна прымаць тую дапамогу, якую Бог нам дае праз людзей», – сказаў святар.

Вельмі кранальным і моцным было сведчанне ўдзельніцы з групы Ананімных наркаманаў Таццяны. Жанчына на сабе адчула, што такое быць нарказалежнай. Яна распавяла сваю гісторыю, як патрапіла ў залежнасць і да чаго ўсё гэта прывяло.

«Наркотыкі я пачала ўжываць у 19-20 гадоў. Паспрабавала проста з-за цікаўнасці. Ужывала іх прыкладна тры гады, а потым перастала. А праз 12 гадоў у мяне ў жыцці наступілі моманты, з якімі не магла справіцца, і тады зноў пачала ўжываць наркотыкі. Такі ад працягваўся тры гады», – падзялілася жанчына.

Дзякуючы дапамозе спецыялістаў Таццяна выйшла з залежнасці і зараз сама працуе кансультантам у цэнтры рэабілітацыі, дапамагаючы «такім жа людзям, як і яна сама».

Віталь Пашкевіч у сваім майстар-класе на тэму «Сацыяльна-псіхалагічныя асаблівасці залежнай па структуры асобы” закрануў таксама тэму сузалежнасці ў сям’і, пералічыў прыкметы сузалежнай па структуры асобы.

Падчас другога майстар-класа Віталь Пашкевіч распавёў прысутным пра сферы, якія пакутуюць ад таго, што чалавек становіцца залежным ад рэчыва, – біялагічную, псіхалагічную, духоўную і сацыяльную.

У залежнага чалавека ў выніку ўжывання алкаголю, паводле слоў дакладчыка, паступова знішчаюцца розныя сістэмы арганізму. Акрамя таго, залежны не прызнае сваю хваробу, ён неадэкватна ўспрымае рэальнасць, знаходзіць апраўданне ўсяму, праяўляе агрэсію да іншых і жаль да сябе.

Кажучы пра духоўную сферу, Віталь Пашкевіч звярнуў увагу на духоўнасць не толькі як сувязь з Богам, але і як самаразвіццё чалавека, яго захапленні і хобі. У залежнага чалавека паступова ўсе захапленні знікаюць, а ў сацыяльнай сферы парушаюцца сувязі з іншымі людзьмі.

“Трэба аддзяляць захворванне чалавека ад яго самога. Як асобу вы яго любіце і паважаеце, а яго хваробу ненавідзіце. Тут выкарыстоўваецца метад інтэрвенцыі, калі ўся сям’я збіраецца разам. І кожны з членаў сям’і, стараючыся не пакрыўдзіць яго асобу, кажа, які боль ён учыніў асабіста яму. Гэтая методыка ў асноўным працуе”, – заўважыў спікер.

Валянціна Мурына пазнаёміла ўдзельнікаў сваіх майстар-класаў з метадамі матывацыйнага кансультавання людзей, якія маюць праблемы з ужываннем спайсаў і іншых псіхаактыўных рэчываў, а таксама з Мінесоцкай мадэллю лячэння залежнасцяў на прыкладзе працы аддзялення рэабілітацыі ГАКЦ «Псіхіятрыя – наркалогія».

Урач-нарколаг заўважыла, што патрэбна, безумоўна, прымаць кліента, але не згаджацца з яго ладам жыцця. Гэта, паводле слоў Валянціны Мурынай, павышае самаэфектыўнасць залежнага чалавека.

«Мы не рэагуем на выказванні кліента, не спрачаемся з ім, паміж намі няма барацьбы. Мы не даказваем чалавеку, як ён павінен паступаць, а даем яму права выбару. Можам прадставіць яму сваю інфармацыю. Чалавек можа не прымаць тое, што ён хворы. Гэта механізм абароны. З нашага боку мы павінны выражаць эмпатыю: важна разумець кліента і павышаць яго самаацэнку”, – распавяла ўрач.

Псіхолаг і псіхатэрапеўт, адзін з арганізатараў сімпозіума, Віталь Булыга ў сваіх майстар-класах зрабіў акцэнт на працу з залежнымі з псіхолага-псіхатэрапеўтычнай перспектывы.

Як паведаміў Віталь Булыга, праца накіравана на тое, каб у залежнага аднавілася «я рэальнае»,  каб ён адчуваў сябе тут і зараз, разумеў, да чаго ён сапраўды імкнецца і якім шляхам павінен ісці. Толькі разумеючы, у якім стане знаходзіцца чалавек, можна яго накіроўваць.

Каб больш наглядна паказаць становішча залежнай асобы і яе сузалежнага акружэння, Віталь Булыга выкарыстаў метад інсцэніравання. Удзельнікі майстар-класа «ігралі» ролі залежных і сузалежных і самі шукалі выйсце з гэтай сітуацыі.

А Юрый Гапонік, кансультант тэрапіі аддзялення рэабілітацыі залежных ГАКЦ «Псіхіятрыя – наркалогія», распавёў пра прынцып дзейнасці механізмаў псіхалагічнай абароны ў дзяцей і моладзі і параўнаў, як гэтыя механізмы спрацоўваюць у хворых на алкагалізм.

Найбольш падрабязна Юрый Гапонік спыніўся на метадзе інтэрвенцыі падчас працы з паўналетнімі і непаўналетнімі асобамі, якія ўжываюць спайсы і іншыя псіхаактыўныя рэчывы.

Юрый Гапонік заўважыў, што галоўнае ў метадзе інтэрвенцыі (калі ўсе блізкія разам размаўляюць з хворым) – «не даводзіць да дыскусіі». Важна, як было адзначана, казаць хвораму толькі факты. Пры гэтым не трэба прымушаць дзяцей удзельнічаць у размове.

Дзеці могуць пачынаць размаўляць з дарослым залежным толькі з 12-гадовага ўзросту. Менавіта словы дзяцей, па назіраннях Юрыя Гапоніка, аказваюць самы лепшы эфект на залежнага.

Падчас другога майстар-класа адказны па справах душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі распавёў прысутным пра асноўныя прынцып праграмы «12 крокаў» груп Ананімных алкаголікаў і наркаманаў.

Пасля майстар-класаў усе спікеры падзякавалі арганізатарам за магчымасць выступіць і падзяліліся сваімі ўражаннямі. Скончыўся сімпозіум супольнай святой Імшой у капліцы Найсвяцейшай Тройцы.

Марына Валасар,

Фота аўтара

http://catholic.by/