Аплаткавая сустрэча прайшла ў Катэхетычным каледжы

19 снежня студэнты, выпускнікі і выкладчыкі Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах сабраліся перад святам Божага Нараджэння на аплатковую сустрэчу, якая з цягам год стала тут традыцыйнай.

У цёплай, сапраўды сямейнай атмасферы сабраныя прынялі ўдзел у святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, склалі калядныя пажаданні і весяліліся да позняга вечару.

Як заўсёды, падрыхтоўка да аплатковай сустрэчы пачалася задоўга да самой сустрэчы. Напярэдадні студэнты каледжа ўвесь вечар упрыгожвалі памяшканні галінкамі елак і мішурой, ладзілі стаенку, рэпеціравалі святочныя выступленні.

Сустрэча пачалася ўрачыстай святой Імшой, якую з біскупам Антоніем Дзям’янкам канцэлебравалі дырэктар каледжа ксёндз Павел Рудзьман, былы дырэктар каледжа і цяперашні рэктар Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску ксёндз Андрэй Рылка i сакратар біскупа Пінскага ксёндз Чэслаў Ладыка.

Падчас Імшы біскуп звярнуўся да прысутных з гаміліяй з нагоды абвешчанага ў Каталіцкім Касцёле Юбілейнага Года Міласэрнасці. Пінскі ардынарый падкрэсліў, што гэтя падзея ў пэўным сэнсе ўнікальная: калі раней у Юбілейны Год вернікі былі абавязаны здзейсніць пілігрымку ў Рым, каб атрымаць адпуст, то цяпер такую магчымасць маюць жыхары ўсіх краін свету, у тым ліку Беларусі, дзе 13 снежня адчыніліся шматлікія Брамы міласэрнасці.

Біскуп адзначыў, што пазачарговы Юбілейны Год быў названы Годам Міласэрнасці невыпадкова: Папа Францішак і ўвесь Касцёл такім чынам заклікае да навяртання, да сустрэчы з любячым і міласэрным Нябесным Айцом, а таксама да міласэрнасці ў адносінах да бліжніх і самога сябе.

Пасля супольнай Эўхарыстыі студэнты, выкладчыкі і госці каледжа паглядзелі выступленне 2 курсу і падзяліліся аплаткай, складаючы адзін аднаму святочныя пажаданні.

Падчас святочнай вячэры вясёлы вечар працягнулі студэнты-першакурснікі, якія прадставілі сцэнку аб скрадзеных дарах Трох каралёў, зладзілі некалькі вясёлых конкурсаў і праспявалі традыцыйныя калядкі.

Увесь вечар у каледжы панавала асаблівая атмасфера цеплыні і любові. Калі хтосьці і быў крыху стомлены доўгай падрыхтоўкай да аплатковай сустрэчы, кожны твар прамянеў асаблівай радасцю блізкасці да Езуса, які рыхтуецца да прыходу на свет, да сваіх братоў і сясцёр.

Паводле catholic.by