Сузор’е талентаў на аплатковай сустрэчы ў Катэхетычным каледжы

DSC_3875

15 снежня адбылася перадкалядная сустрэча ў Катэхетычным каледжы імя св. Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах. Адметнасцю сёлетняй сустрэчы стала тое, што на яе сабраліся не толькі выкладчыкі і студэнты каледжа, але таксама першыя выпускнікі і шматлікія сябры навучальнай установы. Мерапрыемства стала сапраўдным адкрыццём новых і нечаканых талентаў.

Святочная праграма распачалася Імшой, якую цэлебраваў рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску ксёндз доктар Ян Саламон. У гаміліі дырэктар Катэхетычнага каледжа кс. Алег Сількевіч звярнуў увагу на значэнне часу ў нашым жыцці. Святар запрасіў вернікаў паглядзець на Адвэнт з пункту гледжання каштоўнасці часу і чакання, якое не можа быць пасіўным. Час, па словах святара, хутка прамінае і патрабуе з нашага боку намагання, каб яго эфектыўна выкарыстаць, не змарнаваць дадзеныя Богам шансы для рэалізацыі дабра.

Пасля літургіі сустрэча працягнулася адмысловай канцэртнай праграмай. Спачатку перад супольнасцю каледжа і гасцямі выступілі маладыя артысты з парафіі ў Жлобіне. Калядныя сцэнкі і спевы, якія яны падрыхтавалі пад кіраўніцтвам выкладчыцы каледжа с. Таццяны Халапук, напэўна, закранулі сэрцы многіх прысутных.

Не менш кранальным момантам сустрэчы стала традыцыйная вігілійная малітва, дзяленне аплаткай і посная (вігілійная) вячэра. Сямейную атмасферу мерапрыемства зрабіла яшчэ больш цёплым паэтычнае выступленне студэнткі каледжа Нэліі Сеўрук. Варта зазначыць, што гэтая паэтка з парафіі ў Калінкавічах штогод прысвячае спецыяльны паэтычны твор на перадкалядную сустрэчу супольнасці Катэхетычнага каледжа.

Вялікае ўражанне на сабраных аказала высокамастацкая тэатральная праграма, падрыхтаваная студэнтамі-першакурснікамі. Пачынаючыя катэхеты і сямейныя кансультанты запалілі каляднай радасцю і гумарам удзельнікаў сустрэчы — ад наймалодшага да найстарэйшага. Завяршылі вечарыну калядоўшчыкі (студэнты 1 курса) у адмысловых нацыянальных строях. Яны паказалі сапраўдны гумарыстычны майстар-клас на тэму, як трэба арганізоўваць і праводзіць калядныя сустрэчы, конкурсы і гулянні.

Сёлетнюю аплатковую сустрэчу ў баранавіцкім Катэхетычным каледжы без перабольшвання можна назваць сапраўдным адкрыццём таго, наколькі багатая самымі разнастайнымі талентамі супольнасць Касцёла ў Беларусі.

Кс. Андрэй Рылка

Фотарэпартаж