Папа — моладзі: абараніце свае сэрцы ад духу зла і разбурэння
«Чалавек губляе лепшае з таго, што мае, калі забывае маліцца».
Падчас сустрэчы з кенійскай моладзю на гарадскім стадыёне ў Найробі 27 лістапада 2015 г. папа Францішак жорстка асудзіў карупцыю і заклікаў гарантаваць юнакам і дзяўчатам права на працу і адукацыю, каб захаваць ад далучэння да фундаменталістаў, наркотыкаў і самагубстваў.
“Кожны раз, калі бярэм хабар і кладзем яго ў кішэню, разбураем сваё сэрца, сваю асобу і Айчыну. Калі ласка, не спрабуеце смаку гэтага цукру, імя якому карупцыя. Не толькі ў палітыцы, а ва ўсіх структурах, у тым ліку ў Ватыкане, існуюць выпадкі карупцыі!”, — сказаў Святы Айцец. Пантыфік назваў карупцыю салодкім цукрам, якія вядзе да кепскіх наступстваў: пераўтварае ў “дыябетыкаў”, як асобных людзей, так і цэлыя краіны.
Пантыфік заклікаў маладых вернікаў бараніць свае сэрцы ад духа зла, які становіцца прычынай канфліктаў, падзелаў, войнаў, фанатызму, прывязанасці да наркотыкаў і вядзе да разбурэння. У такім кантэксце ён звярнуў увагу на важнасць малітвы. “Чалавек губляе лепшае з таго, што мае, калі забывае маліцца, калі адчувае сябе ўсемагутным, бо не бачыць патрэбы ў тым, каб прасіць дапамогі, перад шматлікімі трагедыямі”, — сказаў ён. Папа заклікаў моладзь глядзець на жыццёвыя цяжкасці, як на магчымасці, а не як на тое, што блакуе, разбурае і трымае ў няволі.
Асаблівым чынам Францішак асудзіў трыбалізм – падзелы на этнічнай і племянной глебе. “Трыбалізм знішчае краіну”, — сказаў Папа і параўнаў гэты феномен са схаванымі за спіной камянямі, прызначанымі для таго, каб кідаць у іншых. Каб перамагчы гэту язву трэба быць гатовымі выслухаць бліжняга і працягнуць яму руку для дыялогу. Святы Айцец заклікаў усіх прысутных на сустрэчы ўстаць і ўзяцца за рукі, у якасці супольнага сведчання супраць трыбалізму.
Паводле Францішка, хрысціянскае сведчанне блізкасці, любові, радасці, дапамогі і салідарнасці можа быць эфектыўней, чым любая тэлевізійная сетка, у справе распаўсюджванні Евангелля.
Гаворачы пра праблему фундаменталізма і рэкрутызацыі многіх маладых людзей у шэрагі тэрарыстаў, Папа звярнуў увагу на прычыны гэтай з’явы. “Мы павінны зразумець, чаму юнак рэкрутызуецца ці дазваляе сябе рэкрутызаваць. Ён аддаляецца ад сваёй сям’і, сяброў, племені, Радзімы, жыцця і вучыцца забіваць. Гэта пытанне, якое вы павінны задаваць усім уладам: калі юнак ці дзяўчына не мае працы, не можа вучыцца, што можа зрабіць?”, — сказаў Папа і заклікаў гарантаваць моладзі права на працу і адукацыю, каб захаваць ад шматлікіх трагічных рашэнняў, якія можа прыняць у сваім жыцці па прычыне адчаю.
Паводле be.radiovaticana.va