У Катэхетычным каледжы адкрыўся новы навучальны год

phoca_thumb_l_baranki-006

26 верасня ў Катэхетычным каледжы імя З. Лазінскага ў Баранавічах адбылася святочная святая Імша, прысвечаная распачаццю новага навучальнага года. Імшу канцэлебравалі новы дырэктар каледжа кс. Павел Рудзьман, выкладчык дагматычнай тэалогіі кс. Алег Сількевіч і выкладчык гісторыі філасофіі кс. Юрый Павайба.

У гаміліі кс. Алег Сількевіч падкрэсліў, што не трэба ставіць веды на першае месца, бо гэта не самае галоўнае. Па словах святара, каб быць сапраўдным хрысціянінам, трэба мець моцную веру і заўжды імкнуцца развівацца духоўна.

Пасля Імшы адбылося ўручэнне дыпломаў 17 выпускнікам каледжа 2015 года і пасвячэнне 31 першакурсніка. Выпускнікі падзякавалі выкладчыкам і асаблівым чынам звярнулі ўвагу на тую працу, якую яны робяць для ўсіх навучэнцаў. Навучэнцы каледжа таксама прывіталі новага дырэктара кс. Паўла Рудзьмана і падарылі яму шакаладныя ключы ад каледжа, каб кожны раз, калі штосьці будзе ісці не так, святар мог палепшыць свой настрой, адкусіўшы кавалачак гэтых ключоў.

Пасля афіцыйнай часткі адбылася святочная вячэра, на якой прысутнічалі не толькі выпускнікі, але і іх родныя і сябры. Потым студэнты каледжа прадставілі забаўляльную праграму на тэму словаў Святога Пісання: «Будзьце як дзеці». Было шмат гульняў, танцаў, конкурсаў, размоў, звязаных з далёкім і прыгожым краем дзяцінства. Было прадстаўлена некалькі прэзентацый. На працягу ўсяго вечара можна было падтрымаць свае сілы ля салодкага стала.

Вечар быў па-сапраўднаму вясёлым, і прысутныя адчувалі сябе як дома, аднак у глыбіні душы, асабліва выпускнікі, адчувалі смутак, бо разумелі, што ўжо не з’яўляюцца студэнтамі і не будуць так часта наведваць каледж. Але надзея не пакідае сэрцаў студэнтаў каледжа, бо «дзяцінства проста так не адыходзіць» – гучалі апошнія словы праграмы.

Фотарэпартаж

Паводле catholic.by