Крочым да Маці Божай: пра марнатраўства і пераходны ўзрост распавядаюць пілігрымы з Баранавічаў і Мінска
Мы заканчваем шэраг артыкулаў, прысвечаных урачыстасцям у Будславе, і сёння саімі думкамі з намі шчодра дзеляцца пілігрымы, якія ішлі да Маці Божай з Баранавічаў і Мінска.
Цэлы год ты натхнена вучыўся, старанна працаваў, захлынаўся штодзённымі праблемамі, выбіваўся з сіл, рашаючы складаныя пытанні. І вось прыйшло лета. Час адпачынку. Можа быць, кароценькага, але такога доўгачаканага. Чым сябе заняць? Як яго правесці, каб не згубіць ні аднаго імгнення надарма? Можна паехаць на курорт падсмажыцца на сонцы, можна паляжаць на канапе з тэлефонам і камп’ютарам пад пахай, можна патусіць з сябрамі, можна, можна… эх, колькі ўсяго можна!.. А можна змарнаваць гэты час і дзевяць дзён проста ісці. Недасыпаць, недаядаць, мець па дзесяць мазалёў на кожнай назе, потным і абпаленым тупа ісці…
Так скажа любы адэкватны чалавек і пакруціць пальцам ля скроні, убачыўшы натоўп маладых людзей, якія крочаць праз поле, лес, балота, вёску, горад па шашы, гравейцы, вузкай сцежцы, бураломе, непралазным бур’яне і праслаўляюць Бога…
Хм… Падыйдзем з другога боку і іншымі вачыма паглядзім на гэта “марнатраўства”. Сонца паліць у спіну або ў твар, дожд заліваецца за каўнер, вецер зрывае з галавы капялюш, а ты ідзеш. Ідзеш і ўсміхаешся. Ідзеш у кампаніі такіх жа, як і ты, спяваеш і молішся, слухаеш і маўчыш, распазнаеш свой шлях у гэтым жыцці. Вучышся пакоры, ламаючы сябе, прысміраючы сваю пыху, вучышся радавацца кожнай дробязі, якую раней наваті не заўважаў. Аднаўляеш свой духоўны свет, знаходзіш упэўненасць і адвагу. Вяртаеш страчаны супакой і раўнавагу. Не можам казаць пра кожнага, гаворым за сябе.
Дзевяць дзён, ты не ідзеш, ты шукаеш. Шукаеш таго, з каго ўсё пачалося і кім усё закончыцца. Пілігрымка – гэта жыццё ў мініацюры. Ты крочыш, праз цяжкасці адкрываеш для сябе многа новага, праз фізічныя страты атрымліваеш багаты духоўны плён. І галоўнае – гэта мэта, якая ператварае паход у пілігрымку. Ты ідзеш да Яе, якая ўжо даўно чакае. Нясеш Ёй свае просьбы і падзякі, ахвяруеш свае мізэрныя пакуты і цяжкасці…
Наташа і Насця Бандаровіч
У пілігрымку я крочыў упершыню. Шчыра кажучы, я пайшоў з мэтай паглядзець, што такое пілігрымка, хто такія пілігрымы, як гэта ўсе будзе. Што датычыцца інтэнцый, то не магу сказаць, што іх не было. Не хапала ім пэўнага накірунку і канкрэтнасці. Тым не менш пілігрымка прайшла плённа.
Мне хацелася б засяродзіцца не толькі на тым, што мне дала гэта пілігрымка, але і на тым, што яна забрала.
Дала пэўныя адказы на тыя пытанні, якія я пачаў сабе задаваць пасля пілігрымкі! Гэта можа здавацца дзіўным, але трэба памятаць, што канкрэтных, загадзя падрыхтаваных пытаняў, альбо пэўных інтэнцый, у мяне не было. Таму, падчас разважанняў, калі я сеў і пачаў проста запісваць свае уражанні, знайшлося шмат пытанняў . Сапастаўляючы падзеі, размовы, узгадваючы пэўных людзей, я з Божай дапамогай знайшоў адказы на іх. І амаль што адразу атрыманыя адказы зноў ператварыліся ў пытанні. Гэты ланцужок, дзе есць пытанні, якія з кожным разам патрабуюць больш разгорнутых і канкрэтных адказаў, мяне вельмі здзівіў!
Забрала пілігрымка пачуцце страху перад невядомым. Такое ўражанне, што на маіх вачах забралі нейкую рэч, прычым я бачыў як яе выносілі і як яна паступова становілася ўсе менш і менш заўважнай. Сам факт таго, што “рэч” забралі, мяне вельмі радуе, таксама радуе тое, што я не стаў шмат пярэчыць.
Я магу параўнаць гэтую пілігрымку з пераходным узростам, які, не без цяжкасцяў, але ж стаў, у нейкім сэнсе, новым этапам у маім жыцці. Марыя, дапамажы не змарнаваць тых дароў і тых ласк, якія ты шчодра выпрасіла для мяне у твайго Сына, Езуса Хрыста, а таксама атулі сваей апекай кожнага пілігрыма, асабліва тых каму найбольш патрэбна твая падтрымка і абарона!
Максім Боландзь