Кароткая хроніка Катэхетычнага каледжа
Ідэя і намаганні па арганізацыі каталіцкай навучальнай установы бяруць свой пачатак ад 1990-х гадоў. Але толькі 3 кастрычніка 2009 года, дзякуючы сумесным намаганням Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтэка, Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі, манаскай Супольнасці Божага Слова і мясцовых святароў – кс. Алега Сількевіча і кс. Андрэя Рылкі, якія ўзяліся за непасрэдную арганізацыю дзейнасці навучальнай установы, ў Баранавічах адбылося ўрачыстае адкрыццё Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага.
Урачыстасці распачаліся святой Імшой, якую цэлебраваў кардынал Казімір Свёнтэк. У афіцыйнай частцы інаўгурацыі кардынал адзначыў, што Катэхетычны каледж – гэта цудоўная магчымасць не толькі пашыраць свае тэалагічныя веды, увайсці ў больш цесны кантакт з Богам, але таксама навучыцца дзяліцца гэтымі ведамі і верай з іншымі
З цёплымі прамовамі на ўрачыстасці выступілі госці, сярод якіх быў таксама і біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін. З віншаваннямі звярнуліся і прадстаўнікі мясцовых і aбласных ўладаў, беларускіх вышэйшых навучальных устаноў, дыпламатычнага корпуса.
З самага пачатку існавання каледжа пачалі складвацца яго шматлікія традыцыі. Так, 19 снежня 2009 г. адбылося першае перадкаляднае (аплатковае) спатканне студэнтаў і выкладчыкаў. Сярод гасцей прысутнічаў таксама і Казімір Свентэк.
Студэнтамі быў падрыхтаваны цікавы спектакль і святочная праграма. Адбыліся тэатралізаваныя паказы біблейскіх сцэн са Святога Пісання, пасля якіх студэнты і госці каледжа сустракалі вясёлых беларускіх каляднікоў з песнямі, танцамі і гульнямі, а таксама дзяліліся аплаткам.
На аплатковай сустрэчы перед прысутнымі выступіў кардынал Казімір, які напярэдадні вярнуўся з Ватыкана. Ён паведаміў аб тым, што падчас яго візыту ў Ватыкан Катэхетычны каледж быў зарэгістраваны ў Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі.
Перад пачаткам Вялікага Посту, у лютым 2010 года, ў каледжы прайшла яшчэ адна ўрачыстасць, прысвечаная святу Ахвяравання Пана (2 лютага), якое лічыцца днём асаблівай малітвы за прысвечаных Богу асобаў. З гэтай нагоды студэнты разам з выкладчыкамі арганізавалі вяселы карнавал.
У сярэдзіне чэрвеня 54 студэнты, залічаныя на першы курс, скончылі свой першы навучальны год.
Новы акадэмічны год 2010/2011, у які на першы курс былі залічаны яшчэ 25 студэнтаў, распачаўся майстар-класам з надзвычай цікавымі практычнымі заняткамі па актыўных метадах катэхізацыі. Практычная майстэрня адбылася ў каледжы 11-12 верасня 2010 года. Праводзіла заняткі сп. Катажына Овчарэк з каталіцкага руху “Святло-Жыццё”, цэнтральная сядзіба якога знаходзіцца ў Польшчы ў мясцовасці Красценка.
Таксама ў гэтым навучальным годзе адбыліся два навукова-практычныя семінары. Першы, які прайшоў 29-30 студзеня 2011 года, быў прысвечаны праблемам насілля ў сям’і. Другі семінар пад назвай “Секты і спасобы іх дзеяння ў сучасным свеце” адбыўся ў маі 2011 года.
Асабліва памятным у гісторыі Катэхетычнага каледжа быў 2012 год, калі адбыўся першы выпуск. Дыпломы катэхетаў тады атрымалі каля 40 студэнтаў.
Гэты год быў таксама адзначаны правядзеннем семінару “Евангелізація і новыя сродкі камунікацый”, падчас якога была арганізаваная анлайн-трансляцыя канферэнцый у інтэрнэце. У семінары прымалі ўдзел такія вядомыя асобы як дакументаліст, аператар і рэжысёр Юрый Гарулёў (Беларусь), мэдыа эксперт у галіне інтэрнэт-СМІ Павел Левушкан (Латвія), “ТРК Ангел ТВ” (Беларусь).
У 2012/2013 навучальным годзе у Каледжы была арганізаваная асобная група студэнтаў — сямейных кансультантаў. Гэтыя маладыя людзі пажадалі вывучаць псіхалогію і магчымасці духоўнай дапамогі сем’ям, асноўваючыся на хрысціянскай веры і маралі.
У 2013 годзе адбыўся сімпозіум “Хрысціянская тэматыка ў свецкіх СМІ”, які сабраў шмат гасцей з Беларусі, Расіі, Італіі. У гэтым жа годзе ў Каледжы таксама былі арганізаваныя адмысловыя курсы для сацыяльных педагогаў.
У навучальным годзе 2013/2014 пачалі сваю дзейнасць спецыяльны пазалекцыйны інфармацыйна-практычны курс “Апостал” пад кіраўніцтвам с. Ядвігі Шчучко. Мэта курса – пазнаеміць студэнтаў з рознымі рэлігійнымі накірункамі ў жыцці сучаснага грамадства і магчымасцямі працы з ахвярамі сект.
На сеняшні дзень у каледжы налічваецца каля 50 студэнтаў.