Каледж сабраў у адно
Каледж сабраў у адно тых, хто захоўвае свой дух свабодным, хто жадае рабіць дабро там, дзе таго хоча Бог; тых, хто шчыра любіць бліжніх і поўны рашучасці зрабіць іхняе жыццё — і сваё ўласнае — прыгажэйшым, больш карысным і радасным.
Наш каледж — гэта невялікая супольнасць, у якой кожны студэнт напаўняецца Божым словам, дае суправаджаць сябе на шляху веры ў літургічным і штодзённым жыцці, можа знайсці адказы на непазбежныя пытанні. Гэта тое месца, дзе чалавек жыве Божай любоўю, месца, дзе дзеляцца і радасцю, і смуткам. Менавіта тут мы ўдасканальваем ці набываем навыкі супольнага жыцця: братэрскіх адносінаў, сумеснай малітвы, узаемнай падтрымкі. Менавіта тут знаходзяцца карані досведу веры.
Іна. Псіхалогія — гэта маё хобі дзесяцігадовай даўніны, і я заўсёды мела мару вучыцца ў такой установе, а перадусім вывучаць псіхалогію, заснаваную на біблійным фундаменце. Дзякуючы маёй сяброўцы Аксане мая мара здзейснілася, таму я атрымліваю надзвычайнае задавальненне ад таго, што маю магчымасць паглыбіць свае веды, зрабіць іх не аматарскімі, а прафесійнымі. Я не адчуваю страху як такога, бо тут ёсць асаблівая прыхільнасць выкладчыкаў, бо гэта іншая ўстанова. Па-другое, калі ёсць сітуацыя, якую можна змяніць, то навошта непакоіцца? А калі няма магчымасці змяніць, то які сэнс непакоіцца? Таму жывем без страху.
Алена. Я паступала сюды перадусім з мэтай папоўніць багаж сваіх ведаў, каб павысіць свой духоўны ўзровень. Ужо адбылося некалькі з’ездаў, і чым далей, тым больш родным робіцца гэтае месца. Ты прыязджаеш сюды, каб адпачыць ад мітусні, ад усяго таго, што кожны дзень уцягвае цябе. А тут цябе чакае сустрэча з абсалютна рознымі людзьмі, якія працуюць у розных сферах, і гэтыя сустрэчы робяць тваё жыццё больш насычаным, яшчэ больш цікавым ад размоваў з імі. Маё ўражанне ад першага экзамена: было класна; хоць і было хваляванне, аднак адчуванні ад самога працэсу вельмі прыемныя. Акрамя таго, мой багаж ведаў ужо папоўніўся, і гэта факт.
Вольга. Што прывяло мяне ў каледж? У першую чаргу, жаданне больш даведацца, спазнаць Божае слова. Дзеля самаадукацыі, дзеля таго, каб змяніць сябе ў лепшы бок, таму што змяняць сябе да лепшага — гэта бясконцы працэс. Каб працягваць працаваць з дзецьмі ў любых арганізацыях, як свецкіх, так і хрысціянскіх. Выкладчыкі маюць высокі прафесійны ўзровень. Першы экзамен пакінуў прыемныя ўражанні. Наша група мне вельмі падабаецца. Яна не толькі рознаўзроставая, але і самі студэнты з’яўляюцца спецыялістамі ў розных сферах. А галоўнае, што нас аб’ядноўвае, гэта імкненне як можна глыбей спазнаць Божую навуку, жаданне навучыцца і падзяліцца сваімі ведамі з іншымі.
Ларыса. Я аднавілася. Сюды мяне прывяло жаданне ведаў, жаданне праводзіць катэхізацыю дзяцей і дарослых, жаданне паглыбіць свае веды і гэтымі ведамі дзяліцца з навакольным светам. Я ўпэўнена, што Бога трэба спазнаваць. У некаторых сітуацыях хацелася б ведаць, чаму так адбываецца і атрымаць адказы на некаторыя пытанні. Нават калі не атрымаеш адказу ў той жа момант, паглыбіш сваю веру. Хацелася б, каб пасеяныя ў нашых сэрцах веды прараслі і прынеслі свой плён. Першы курс, новыя знаёмствы, розныя людзі з рознымі поглядамі, з рознай жыццёвай пазіцыяй… Але ўсіх нас аб’ядноўвае імкненне спазнаць Бога. Мы вучымся адносінам у групе, у аснове якіх павінна знаходзіцца любоў да Бога, цярплівасць, талерантнасць. Адарванне ад штодзённага жыцця ў сценах гэтага каледжа дазваляе больш глыбока ўвайсці ў свет духоўнасці, перагледзець свае погляды, учынкі, дзеянні і па-новаму прымяніць іх у тым акружэнні, дзе ты знаходзішся кожны дзень. Вельмі вялікую ролю адыгрываюць нефармальныя сустрэчы з выкладчыкамі. Менавіта ў нязмушанай атмасферы, насычанай даверам, можна атрымаць адказы на многія пытанні. Фактычна, гэта малыя рэкалекцыі.
Аксана. Вучыцца ў гэтым каледжы мне прапанавала дзяўчына, якая у гэтым годзе скончыла спецыяльнасць катэхэта. Разам са мною гэтым жаданнем загарэлася яшчэ адна маладая жанчына, з якой я пазнаемiлася тры месяцы таму. Нам пашанцавала прыехаць у апошні перыяд, калi яшчэ прымалi дакументы. Насамрэч шлях Пана Бога нiкому не вядомы, але самы лепшы. Я задаволена усiм. Маё жыцце пачало змяняцца ў лепшы бок.