Звычайныя незвычайныя заняткі
Калі мы чуем слова “заняткі”, якія думкі прыходзяць у галаву? Хтосьці падумае пра лекцыі ва універсітэце, хтосьці пра аэробіку, хтосьці пра гаспадарчыя справы, хтосьці пра хобі. Але для студэнтаў Катэхетычнага каледжа гэта слова мае яшчэ адно значэне – практычны курс катэхетыкі.
7 сакавіка ў катэхетаў ізноў ператварыліся студэнты 3 курса. Як і звычайна, іх чакала шмат цікавага і незвычайнага.
Здаецца, ужо ўсё даўно вядома і добра знаёма: парафія, дзеці, класы. Але новай была форма заняткаў. У перыяд Вялікага посту студэнты прапанавалі малышам глыбей пазнаёміцца і больш зразумець ахвяру, якую за нас прынёс Езус, падчас набажэнства Крыжовага шляху. Маленькім вернікам вельмі спадабалася, што яны правялі гэты занятак у касцёле (на жаль, не ўсе рэгулярна туды прыходзяць). Дзеткі старанна маліліся, разважалі над пытаннямі, якія перад імі ставілі катэхеты, і шчыра дзякавалі Езусу за ўсе дары, якімі Ён нас адарыў.
Дарослыя таксама правялі гэты час плённа. Ім прапанавалі паразважаць над такімі пытаннямі, як: Чаму Езус памёр за нас? Як добра перажыць Вялікі пост? Што значыць ісці за Хрыстом? Практыканты з радасцю адзначылі, што ў гэты раз дарослыя з большай ахвотай ішлі на заняткі, больш актыўна ў іх удзельнічалі і былі крануты тым, хто пачулі.
Але найбольш хвалюючым момантам гэтага дня для студэнтаў стала катэхеза для моладзі. Па-першае, раней ніхто не меў досведа працы з маладымі людзьмі, а па-другое, заняткі праходзілі ў іншай, незнаёмай парафіі Маці Божай Фацімскай. Але гэта не стала перашкодай для таго, каб заняткі спадабаліся і вучням, і катэхетам. Як адзначылі самі студэнты, працаваць з моладдзю ім спадабалася больш за ўсё. Разнастайныя метады, відэаматэрыялы і прэзентацыі, праца ў групах і індывідуальная дапамаглі зрабіць заняткі вельмі цікавымі і пазнаўчымі.
Пасля плённай працы прыйшоў час падзяліцца ўражаннямі. Безумоўна, усе хацелі пачуць меркаванне выкладчыцы, с. Таццяны Халапук. Сваімі думкамі яна падзялілася і з намі:
Што ж сказаць пра заняткі? Вельмі добра, што мае студэнты такія мужныя і не баяліся праводзіць заняткаў, бо новае мейсца, незнаёмые дзеці, моладзь, дарослыя, новае ассяродзе. Студэнты паказалі сябе з добрага боку, праявілі свае таленты, творчасць, актыўна праводзілі свае катехэзы, выкарыстоўваючы актыўныя мэтады ў катехэзе. А што галоўнае – зрабілі гэта ад сэрца: прысвяцілі час, каб добра падрыхтавацца да катехэзы і ў цікавы спосаб яе перадаць. Многія з іх рабілі гэта ўпершыню, і вядома, што бывае па-рознаму, ўсё гэта асабліва перажываецца і хвалюецца. Негледзячы на гэтыя перажыванні, яны праводзілі заняткі цвёрда, да канца. Асабліва гэтыя катехэзы не пакінулі абыякавымі дарослых – бацькоў, якія прывялі сваіх дзяцей на заняткі, што паказала і яшчэ раз нагадала аб патрэбе катэхезы для дарослых. Студэнты, вядома, як вучні, яны вучацца і ім патрэбна практыка. Хоць і былі памылкі, але ж хто з нас адразу добра праводзіць заняткі? Як кажуць у народзе: не адразу ж Рым пабудавалі. Так і ім, усё прыйдзе з часам і практыкай. Галоўнае, каб справу катехэзы, дзялення верай і сустрэчай з жывым Богам яны чулі сэрцам і мелі жаданне несці іншым, а Бог у сваёй міласэрнасці дасць ім ласку і моц. Адвагі! Будзьце мужнымі!
Потым падзяліліся сваімі заўвагамі і студэнты. Можна было пачуць шмат разных меркаванняў, а сярод іх і такое, што студэнтам шкада. Чаму шкада? А таму, што гэта былі іх апошнія практычныя заняткі. У наступны раз, калі яны ўвойдуць у катэхетычны клас, яны будуць ужо не студэнтамі-практыкантамі, а сапраўднымі катэхетамі.