Як аплатак трапляе на Вігілійны стол: у пякарні сясцёр Эўхарыстак у Браславе

1 braslauАдчыняем дзверы ў кляштар сясцёр Эўхарыстак у Браславе і ўжо здалёк чуем гасцінны голас сястры Таццяны Гмыза: 

Праходзьце, калі ласка! Я вас ужо чакаю. 

Распачаўся перыяд Адвэнту – радасны час прыгатавання да нараджэння Хрыста. Кожны рыхтуецца па-рознаму: хтосьці змагаецца з нейкай залежнасцю, хтосьці прымае пэўныя пастановы, каб, безумоўна, змяніць сваё жыццё. А сёстры Эўхарысткі, апрача гэтага, займаюцца яшчэ і выпяканнем аплаткаў для нашага Вігілійнага стала. Крыху прыадкрыць таямніцу гэтай справы, паназіраць і пагутарыць вырашылі і мы напярэдадні Каляд. 

Усміхаюся і пытаюся:
– А чым Вы гэта тут, сястра, займаецеся?

– Рыхтуюся да свята Божага Нараджэння! Выпякаю аплаткі для шматлікіх парафій Віцебскай дыяцэзіі. 

– А калі пачынаеце, сястра Таццяна, выпякаць аплаткі?

– Паколькі лета насычана рэкалекцыямі, рознымі сустрэчамі, акцыямі, то аплаткі пачынаем выпякаць з восені. 

– А чым адрозніваецца выпяканне аплатак ад іншай падрыхтоўкі?

– У першую чаргу, гэта служэнне людзям. Уся мая праца (і, безумоўна, праца іншых сясцёр) пранікнута малітвай, клопатам і адданасцю. 

3 braslau

– А можа раскрыеце таямнічы склад аплатак? 

– Па сутнасці, ніякай таямніцы і няма. Склад вельмі просты: мука вышэйшага гатунку і вада. 

5braslau

– Тады раскажыце падрабязней, як жа на нашым Вігілійным стале з’яўляюцца аплаткі?

– Пры дапамозе спецыяльных машынак-прэсаў выпякаюцца лісты. Потым на працягу некалькіх гадзін яны набіраюцца вільгаці і адпраўляюцца пад прэс, таксама на некалькі гадзін. Потым пры дапамозе звычайных нажніц выразаюцца аплаткі. 

4 braslau

– А як жа такія лісты пераўтвараюцца ў гостыі і камуніканты, традыцыйнай круглай формы?

– Яны выразаюцца на машынках або выпякаюцца ў спецыяльных формах. 

– Гэта своеасаблівая праца. А ці падабаецца яна Вам? 

– Мне вельмі падабаецца час, калі выпякаю аплаткі, бо тады я больш знаходжуся ў адзіноце і маю асаблівую магчымасць застанавіцца над сваім жыццём, памаліцца за тых людзей, якія будуць спажываць аплаткі, каб кожны з іх мог прабачыць адзін аднаму, бо гэта хлеб адзінства. 

2 braslau

– Вашы пажаданні вернікам на свята Божага Нараджэння.

– Жадаю, каб кожны падчас Вігіліі, калі будзе дзяліцца аплаткай, змог прабачыць усе крыўды, таму што мы маем вельмі мала часу і трэба выкарыстоўваць кожную хвіліну. Не мець зла на бліжняга і старацца не проста любіць, але служыць іншаму чалавеку. Няхай сёлетнія святы Божага Нараджэння прынясуць супакой, любоў, паяднанне ў кожнае сэрца і кожныя адносіны. 

waladarka.by