“Я так вас любіў і так прагнуў аддаць за вас жыццё”, ці кім быў Зыгмунт Лазінскі
Сёння, 26 сакавіка, Касцёл успамінае слугу Божага Зыгмунта Лазінскага. Яго імем названы наш Катэхетычны каледж, але ці мы сапраўды ведаем гэтага выбітнага чалавека, вернага хрысціяніна і любімага пастыра?
«Я так вас любіў і так прагнуў аддаць за вас жыццё, і заўсёды прасіў Пана Езуса, каб паслаў мне шмат цярпення за вас…» (з пасмяротнага паслання біскупа Зыгмунта Лазінскага).
Клапаціўся аб пакліканых Богам да святарства
Кс. біскуп прымаў у семінарыю малодшых і старэйшых хлопцаў, часам мужчын сталага ўзросту, а таксама тых, якіх выгналі з іншых семінарый. Прымаў таксама і тых, хто праяўляў прыкметы паклікання… хоць яны і не ведалі лацінскай мовы. У той жа час браў на сябе клопат суправаджаць іх (падчас вучобы), выстаўляючы патрабаванні і прадастаўляючы ўмовы, неабходныя для іх выканання
Выкладчык
Біскуп З. Лазінскі чытаў лекцыі па Святым Пісанні. Патрабаваў добрасумленных ведаў. Ставіў «тройкі», а часам нават і «тройкі» з трыма мінусамі.
Выхоўваў стылем свайго жыцця
Выпускнікі семінарыі захавалі ў памяці стараннае адпраўленне ім Святой Імшы і служэнне падчас яе старэйшаму святару, адараванне Найсвяцейшага Сакрамэнта, засяроджанасць — нягледзячы на пакуты, выкліканыя смяротнаю хваробаю, — падчас прымання Святой Камуніі, адпраўленне ў самоце Крыжовага шляху, засяроджанасць на малітве, вынясенне заўваг алюмнам, седзячы на месцы іх дэкана, а не ў біскупскім крэсле, дапамога клерыкам пры пераносе іх рэчаў, выбіраючы самыя цяжкія з іх, падзяка за кожную паслугу.
Кс. біскуп вызначаўся рознымі добрымі якасцямі, якія рабілі яго пабожным, натхнёным, умацоўваючым на шляху службы Божай, на шляху рэалізацыі святарскага паклікання.
Меў пачуццё гумару
Кс. біскуп быў вясёлым чалавекам. «Любіў жартаваць і любіў тых, хто ўмеў падтрымліваць вясёлы настрой». Вось некалькі прыкладаў:
Здарылася так, што клерык купіў занадта дарагія білеты ад Брэста да Пінска. Адзін з ксяндзоў пралатаў з-за гэтага накрычаў на яго ў цягніку. Кс. біскуп разрадзіў сітуацыю, сказаўшы: «Не крычы на яго. Ён быў абавязаны да рэстытуцыі — ехаў калісьці другім класам, а меў білет у трэці». Усе гучна засмяяліся. Сапраўды, некалькі дзён назад кандуктар угаварыў кс. біскупа, які ехаў з гэтым клерыкам, перайсці з вагона трэцяга класа ў вагон другога класа, і кс. біскуп, напэўна, звярнуўся да таго факта, але выкарыстанне гэтай прыгоды для разрадкі сітуацыі, што ўзнікла паміж пралатам і клерыкам, было па ўсіх мерках дасціпным, сяброўскім і добразычлівым.
Слуга слугаў
У першыя гады дрэнна было з ежаю. Сухі хлеб і чорная кава, часам забеленая малаком, — гэта было сняданнем. «Аднойчы, — успамінае кс. Рыжко, — я спазніўся (бо служыў на Святой Імшы) і застаў кс. біскупа за сталом выкладчыкаў. Павітаўшы кс. біскупа, я ўзяў хлеб і каву і сеў за адзін з нашых сталоў. Раптам падышоў да мяне кс. біскуп з талеркаю, на якой ляжалі лустачкі каўбасы ці нейкай вяндліны, якую ён узяў са стала выкладчыкаў, і пачаставаў мяне. Так рабіў, відавочна, і для іншых маіх калег».
Прыхільнік згоды паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў, абрадаў і вызнанняў
Біскуп Зыгмунт Лазінскі быў і адчуваў сябе палякам. Аднойчы ён расказваў алюмнам, што падчас свайго прабывання ў Сібіры, на пахаванні заспяваў па-польску (…) і «быў задаволены, што і Сібір чуе гэтыя словы па-польску». Аднак, паколькі на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі жылі беларусы, літоўцы, палякі, украінцы, ён клапаціўся пра тое, каб усе жылі ў згодзе.
Неяк падчас набажэнства ва ўсходнім абрадзе, ва ўрачыстасць св. Язафата Кунцэвіча, асвяціў сутану і комжу аднаму з алюмнаў, які паходзіў з каталіцкай сям’і лацінскага абраду і не заяўляў аб жаданні прыняць пасвячэнні ва ўсходнім абрадзе. Гэта быў адзін са знакаў аднолькавага трактавання абодвух рытуалаў у збаўчай справе Касцёла.
Ксёндз біскуп наведваў хворых у шпіталі. Звычайна біскуп адпраўляўся да католікаў, якія знаходзіліся ў небяспецы смерці, але і праваслаўныя прасілі яго аб благаславенні, якое ён заўсёды ахвотна ўдзяляў. Часам біскуп З. Лазінскі завязваў размову з хворымі, не надаючы ўвагі веравызнанню. «Памятаю, як ён падышоў да маладога праваслаўнага хлопца і ўгаварыў яго спавядацца. Сказаў, што бацюшка прыйдзе, толькі б ён згадзіўся. І як жа той хлопец быў задаволены, што біскуп і яго не абмінуў».
Біскуп Зыгмунт Лазінскі ад усяго сэрца прагнуў навяртання паганаў і габрэяў і аб’яднання Касцёла. Вельмі перажываў, аж да слёз, малітвы аб іх навяртанні, якія чыталіся ў Вялікую пятніцу і Вялікую суботу.
Вялікі пастыр
У святле ўспамінаў кс. Станіслава Рыжко кс. біскуп З. Лазінскі паўстае перад намі як вялікі пастыр. Чалавек веры і апостал, які рэалізоўваў сваё пакліканне без кампрамісаў, клапоцячыся аб сваёй дыяцэзіі ажно да слёз.
Аднойчы кс. біскуп расказваў клерыкам пра св. Грыгорыя Цудатворца, свята якога адзначаем 17 лістапада: «Перад смерцю ён спытаў у тых, што былі пры ім, колькі паганаў у гэтым горадзе. Яму адказалі: сямнаццаць. Дзякуй Богу, — сказаў св. Грыгорый, — бо столькі было хрысціянаў, калі я сюды прыбыў». Тут кс. біскуп Лазінскі крыху засмуціўся, у яго вачах паявіліся слёзы, і ён дадаў: «А колькі будзе няверуючых у маёй дыяцэзіі, калі я буду паміраць?»
Паводле catholic.by