Выпускны вечар 2014: час, каб сказаць “Дзякуй”

14 чэрвеня дзверы Катэхетычнага каледжа расчыніліся для былых студэнтаў, сяброў і гасцей навучальнай установы. Усе яны прыйшлі, каб раздзяліць радасць выпускнікоў, для якіх сёлета, пасля здачы дзяржаўных экзаменаў і абароны дыпломных прац, прыйшоў час сказаць любімаму каледжу “Дзякуй”.

Традыцыйна святочны вечар распачаўся ўрачыстай Святой Імшой, якую ўзначаліў прэфект Духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Юрый Хіневіч. Гамілію да прысутных прамовіў дырэктар Катэхетычнага каледжа кс. Андрэй Рылка. Ён звярнуў увагу на тое, як важна заўсёды быць удзячнымі Богу. Асаблівы ў такі дзень варта падзякаваць за магчымасць быць разам і за сяброўства, за ўсіх людзей, якія даюць магчымасць плённа і прыемна займацца ў каледжы, і, канешне, за атрыманыя веды. Гэтыя веды ўзмацняюць нашую веру, але, як адзначыў кс. Андрэй, вера заўсёды павінна ісці ў нашым жыцці разам з любоўю. Таму святар пажадаў ніколі не спыняцца на гэтым шляху.

Пасля літургіі ўдзельнікаў вечара чакаў святочны стол, за якім ні на хвіліну не спыняліся размовы. Кожны быў рады раздзяліць вячэру з тымі, хто стаў дарагімі і блізкімі за гэтыя гады.

Але ўсе самае цікавае было яшчэ наперадзе: студэнты першага і другога курса падрыхтавалі ў падарунак для сваіх старэйшых сяброў вяселы вечар. Сёлета студэнты і госці каледжа прысутнічалі на своеасаблівым “размеркаванні” выпускнікоў. У каледж завіталі святыя-патроны з шасці парафій, якія з дапамогай конкурсаў і гульняў павінны былі выбраць катэхетаў у свае парафіі. Так, св. Аляксандар Рымскі выпрабоўваў выпускнікоў на лоўкасць, а св. Фаусціна Кавальская на працавітасць, св. Ігнацый Лайола правяраў кемлівасць, св. Іосіф – памяць, бл. Тэрэза Калькутскай – гатоўнасць дапамагчы бліжняму, а св. Цыцылія абірала тых, хто валодае найлепшай артыкуляцыяй.

Сюрпрызам для ўсіх прысутных стала выступленне сапраўдных фокуснікаў, якія не толькі дораць радасць сваім гледачам, але, у першую чаргу, праслаўляць такім незвычайным чынам Бога, Які шчодра адарыў іх талентамі.

Скончыўся вясёлы вечар уручэннем жартаўлівых “накіраванняў” і падарункаў.

Фотарэпартаж