Вялікдзень з беларускай паэзіяй
8 Сакавіка – дзень багаты на падзеі: для адной паловы чалавецтва гэта дзень выбару падарункаў і падбору самых пяшчотных словаў, для другой – атрымання віншаванняў і адорвання ўсіх шчырымі ўсмешкамі. Але ў Катэхетычным каледжы гэты цудоўны вясновы дзень быў упрыгожаны яшчэ адной падзеяй: каталіцкі партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by на чале з галоўным рэдактарам кс. Юрыем Жэгарыным прэзентаваў новы праект – “Вялікдзень з беларускай паэзіяй”.
Як адзначыў адзін з валанцераў партала і студэнт Катэхетычнага каледжа Уладзімір Крупенка, упершыню на Беларусі з’явіліся сапраўдныя беларускія велікодныя паштоўкі. Беларускія не таму, што іх надрукавалі ў нашай краіне, а таму, што яны, створаныя маладымі беларускімі мастакамі і дызайнерамі на велікодныя вершы Янкі Купалы, Рыгора Барадуліна, Якуба Коласа, Наталлі Арсенневай, Паўла Саковіча, Сяргея Новік-Пяюна, Алега Бембеля і Валянціна Лукшы, сапраўды сталі глыбокім выразам душы беларускага народа, які заўседы шукае Бога і праўду.
Прыемным адкрыццем для прысутных сталі працы Цыганавай Кацярыны, студэнткі першага курса каледжа, якая стварыла неколькі паштовак для велікоднай серыі, а таксама дыкламаванне вершаў Уладзімірам Крупенка.
Думаю, кожны ўдзельнік прэзентацыі з ахвотай далучыцца да закліку ўдзельнікаў праекта: Павіншуйма сваіх блізкіх з вялікай радасцю Уваскрашэння Хрыста! Няхай паштоўкі будуць ластаўкамі, якія заляцяць у кожны дом і працвіркочуць “Хрыстос Уваскрос”!
p.s. Паштоўкі можна набыць у парафіях Вашага горада.
Больш інфармацыі пра праект на Grodnensis.by