Ва ўрачыстасць св. Юзафа папа Францішак заклікаў паглядзець на абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, як на прыклад выхавацеля

19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, Папа Францішак заклікаў удзельнікаў агульнай аўдыенцыі паглядзець на святога як на прыклад выхавацеля, які абараняў і суправаджаў Езуса на шляху ўзрастання ў трох галоўных вымярэннях: мудрасці, гадах і ласцы.


Папа нагадаў, што Юзаф дапамагаў Езусу ў фізічным і псіхалагічным росце, калі разам з Марыяй імкнуўся забяспечыць Яго ўсім неабходным для здаровага развіцця; бараніў жыццё Езуса, уцякаючы ў Егіпет ад пагрозы, што зыходзіла ад Ірада. “Юзаф навучыў Езуса таксама і сваёй працы; таму, калі Ён стаў дарослым, Яго называлі “сынам цесляра””, — нагадаў Пантыфік. Папа падкрэсліў, што св. Юзаф таксама вучыў Хрыста мудрасці: “Юзаф стаў для Езуса прыкладам і настаўнікам такой мудрасці, якая насычаецца Божым словам”. “Можам падумаць, як святы Юзаф вучыў маленькага Езуса слухаць Божае слова, перш за ўсё, ідучы разам з Ім у суботу ў назарэцкую сінагогу”, — сказаў Папа.

Яшчэ адным важным вымярэннем выхаваўчай дзейнасці св. Юзафа, па словах Пантыфіка, было навучанне Езуса прабыванню ў ласцы. “Было б цяжкай памылкай думаць, што бацька і маці не могуць зрабіць нічога, каб навучыць сваіх дзяцей узрастаць у Божай ласцы”, — заўважыў Папа і падкрэсліў, што выхаванне Езуса ў гадах, мудрасці і ласцы было галоўнай выхаваўчай дзейнасцю абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі.

“Місія святога Юзафа, канешне, унікальная і непаўторная, таму што абсалютна ўнікальным з’яўляецца Езус. Але сваім клопатам пра Езуса, выхоўваючы Яго ў гадах, мудрасці і ласцы, ён з’яўляецца прыкладам для кожнага выхавацеля, асабліва кожнага бацькі (…) Таму давяраю яго абароне ўсіх бацькаў, святароў, які з’яўляюцца айцамі, і тых, хто мае выхаваўчую ролю ў Касцёле і грамадстве”, — сказаў Папа.

Пантыфік звярнуўся да прысутных на плошчы св. Пятра бацькоў з заклікам заўсёды быць блізкімі да сваіх дзяцей, бо яны маюць у гэтым патрэбу. На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа заклікаў моладзь глядзець на святога Юзафа, як на прыклад сціплага і пакорнага жыцця, хворых – несці крыж у цішыні і малітве, а маладых сужэнцаў – будаваць свае сем’і на любові, якая злучала Марыю з Яе абраннікам.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радые