Сімпозіум на тэму пагрозы таталітарных сект і новых рэлігійных рухаў

21 мая 2011 г. у Катэхетычным каледжы імя З. Лазінскага ў Баранавічах прайшоў міжнародны навуковапрактычны сімпозіум на тэму  «Пагроза таталітарных сект і новых рэлігійных рухаў». Удзел у мерапрыемстве прынялі студэнты і выкладчыкі каледжа, а таксама святары, манаскія і свецкія асобы з розных куткоў Беларусі.

У першай частцы сімпозіума перад сабранымі выступілі спецыяльна запрошаныя дакладчыкі. З рэфератам на тэму «Што такое секта?» выступіў Віктар Адзіночанка, вядомы рэлігіязнаўца, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У сваім выступленні вучоны звярнуў увагу на разнастайнасць разумення тэрміну «секта» ў сучасным свеце.

Абмеркаваўшы складанасць падыходаў да праблемы новых рэлігійных рухаў, удзельнікі сімпозіума разважалі над праблематыкай псіхаманіпуляцый і дэструктыўнага ўплыву сектаў на чалавека. Гэтую тэму раскрываў Дарыюш Грыцюк, кіраўнік Цэнтра па супрацьдзеянні псіхаманіпуляцыям, прадстаўнік Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта, які выступіў з дакладам «Як дзейнічаюць секты?»

Вялікую зацікаўленасць прысутных выклікаў рэферат на тэму «Нетрадыцыйная рэлігійнасць у Беларусі», з якім выступіў Уладзімір Марціновіч, доктар тэалогіі Венскага ўніверсітэта, кіраўнік Аддзела па пытаннях новых рэлігійных рухаў Мінскай епархіі Беларускага Экзархата РПЦ, член Экспертнага савета пры Апараце упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў РБ. Дакладчык распавёў прысутным аб сітуацыі з новымі рэлігійнымі рухамі ў Беларусі, дзеяннямі Праваслаўнай Царквы і дзяржавы адносна гэтых з’яваў.

Завяршэннем першай часткі сімпозіума стаў рэферат кс. Чэслава Паўлюкевіча з Гродзенскай дыяцэзіі. Святар звярнуў увагу на духоўны аспект праблемы новых рэлігійных рухаў і акультызму, падзяліўся сваімі душпастырскімі назіраннямі.

Не менш цікавай была другая — дыскусійная — частка сімпозіума. Сярод шматлікіх пытанняў, якія горача абмяркоўваліся, варта адзначыць дыскусію на тэму з’явы харызматызму, гамеапатыі, форм супрацьдзеяння дэструктыўным культам у грамадстве і ва ўнутрыцаркоўным асяроддзі. Удзельнікі сімпозіума выказвалі сваю заклапочанасць прапагандай акультнай і псеўдарэлігійнай літаратуры ў дзяржаўных кнігарнях.

Завяршэннем сімпозіума стала супольная малітва ўдзельнікаў мерапрыемства на святой Імшы. Студэнты каледжа, выкладчыкі і госці сустрэчы маліліся аб дары праўдзівай і моцнай веры ў духу адзінства для ўсіх хрысціянаў.

Фотарэпартаж