Пастырскі ліст біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Адвэнт 2015 года
Напярэданні Адвэнта біскуп Антоні Дзям’янка скіраваў да вернікаў пастырскі ліст.
Умілаваныя ў Хрысце Пану! Мы распачынаем чарговы Адвэнт — час радаснага чакання. Час, які набліжае нас да непаўторнай атмасферы святаў Божага Нараджэння. Адначасова кожны Адвэнт нагадвае нам праўду аб другім прышэсці Хрыста, пра якое мы заўсёды гаворым, калі вызнаём нашу веру падчас нядзельных і ўрачыстых святых Імшаў. Гэтае першае прышэсце Збаўцы дало свету радасць, якая працягваецца да сённяшняга дня, радасць, якая на працягу вякоў стварыла прыгожыя абрады і непаўторную адметную атмасферу. Другое прышэсце, звязанае ў Вызнанні веры з фактам суду над чалавецтвам, быць можа, выклікае ў нас непакой і няўпэўненасць у будучыні. Але наша будучыня знаходзіцца ў руках Бога, якога мы пазнаём, але яшчэ так мала ведаем. Што трэба зрабіць, каб праўда аб паўторным прышэсці Збаўцы давала нам такую ж радасць, як Нараджэнне Божага Сына, адначасова натхняючы нас на тое, каб мы штораз станавіліся лепшымі? Перадусім трэба імкнуцца лепш пазнаць Бога. Трэба зразумець просты адказ на пытанне: кім ёсць Бог? Яго нам дае святы Ян: «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 16).У гэтым годзе на парозе Адвэнту нам на дапамогу прыходзіць Папа Францішак, абвяшчаючы Год Міласэрнасці. Мы распачнём гэты год разам са Святым Айцом ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі 8 снежня. На пытанне, чаму менавіта сёння патрэбны Год Міласэрнасці, сам Папа дае нам вельмі просты адказ тыповым для сябе спосабам, абвяшчаючы ў буле гэты святы час Ласкі: «Трэба няспынна разважаць аб міласэрнасці Бога». Адначасова Святы Айцец дае нам дэвіз гэтага Года Міласэрнасці: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны».
Папа Францішак жадае, каб пазнанне Бога і досвед Яго Любові суправаджаліся гарачым жаданнем станавіцца і быць усё больш міласэрнымі. Іншымі словамі, Святы Айцец жадае, каб па заканчэнні гэтага Года Ласкі мы сталі лепшымі.
Міласэрнасць, паводле Папы Францішка, з’яўляецца адказам на ўсе пытанні, трывогі або нават драмы ці трагедыі, якія перажывае сучасны свет, а разам з ім і сучасны чалавек.
Адказам на беднасць, голад, беспрацоўе, на праблему эміграцыі або неабходнасць пакінуць бацькоўскі дом з’яўляецца міласэрнасць. Адказ на несправядлівасць, насілле, тэрарызм — таксама міласэрнасць. Адказ на адсутнасць спачування, абыякавасць або нават чэрствасць — быць міласэрным самаранінам.
Святы Айцец сваім спосабам захавання паказвае, як быць міласэрным. Ён з’яўляецца чалавекам, які выказваецца вельмі проста. Адначасова Пантыфік адважна становіцца на бок чалавека, не атаясамлівае яго з памылкай або нават з грахом, у які гэты чалавек трапіў і ў ім застаецца. Ён не пазбягае размоваў з людзьмі, жыццёвыя шляхі якіх (часта па іх асабістай віне) з’яўляюцца складанымі і заблытанымі. Папа Францішак гучна гаворыць пра гэтыя чалавечыя драмы, заклікае да навяртання, заўважаючы з міласэрнай радасцю праяўленні добрай волі. Святы Айцец не губляе надзеі на перамогу дабра ў чалавеку і сам падае добрую, міласэрную руку дапамогі. Адначасова, аднак жа, ён называе зло па імені і адкідвае яго рашуча і беcкампрамісна. Папа не атаясамлівае грэшніка з грахом.
Здзіўляюць простыя, а разам з тым багатыя сэнсам жэсты Святога Айца, якія з’яўляюцца выразам перапоўненага любоўю сэрца. Жэсты, што часта шакіруюць свет, які больш прывык да папскай таямнічасці, і цяжкія для разумення пратакола.
Гэтыя ўсе жэсты ўказваюць нам на больш важную і збаўчую для чалавека праўду. Яны нагадваюць нам, наколькі просты ў адносінах быў Хрыстус, і аднаўляюць Яго вобраз, запісаны ў Евангеллі. Вобраз, які, на жаль, праз стагоддзі губляў сваю афарбоўку і выразнасць. Папа Францішак па-свойму працягвае справу рэстаўрацыі гэтага вобразу — справу новай евангелізацыі, — ініцыятарамі якой былі яго вялікія папярэднікі. Не толькі праз сваё слова, але і праз спосаб быцця ён указвае нам на міласэрны і збаўчы твар Адкупіцеля. Прышэсцю менавіта такога Хрыста радаваўся свет дзве тысячы гадоў таму. Прышэсцю такога Хрыста напрыканцы свету нам трэба радавацца ўжо сёння, і мы перажываем напоўнены надзеяй Адвэнт.
Урэшце, такога Хрыста нам трэба наследваць, ідучы па жыцці. «Будзьце міласэрнымі, бо Я з’яўляюся міласэрным», — гаворыць Пан. Змагайцеся са злом, але любіце людзей. Заўважайце ў кожным чалавеку вобраз самога Бога. Будзьце людзьмі міласэрнасці. Адначасова Папа падкрэслівае, што міласэрны чалавек — гэта чалавек далікатны, спагадлівы, які спачувае і разумее бліжняга. Аднак гэта не азначае, што чалавек з’яўляецца абыякавым, талерантным у прамым значэнні гэтага слова, які ставіць кампраміс на першае месца нават цаной таптання праўды. Мы будзем міласэрнымі, калі мужна і рашуча будзем станавіцца на бок праўды і справядлівасці, адначасова будучы гатовымі прабачыць, прасіць аб прабачэнні і імкнуцца да паяднання ў праўдзе. Менавіта такім ёсць Бог — Суддзя Справядлівы і адначасова Міласэрны.
Дарагія дыяцэзіяне!
Жадаю сабе і вам на парозе Адвэнту і Года Міласэрнасці менавіта такога вопыту — Бога, поўнага Міласэрнасці. Заклікаю вас углядацца ў жэсты Святога Айца, слухаць яго простыя і поўныя любові словы, адшукваць Евангелле ў яго чынах і рашэннях. У гэты святы час заахвочваю вас пазнаваць Бога праз вопыт Касцёла, у якім мы знаходзімся і ў якім Ён сам ёсць — Божы Сын, які для нас стаў чалавекам, каб мы былі міласэрнымі і добрымі.
Адзін з біскупаў успамінаў такі просты досвед з першай пілігрымкі св. Яна Паўла ІІ у Польшчу ў 1979 годзе. Студэнты апавядалі яму, як у адным са студэнцкіх дамоў у Кракаве перажывалі ўнікальную атмасферу і зачараванне не толькі асобай Папы, але і навяртаннем, і адкрыццём Бога нанова. Усе стаялі каля вокнаў, гледзячы на незлічоныя натоўпы і чакаючы прыбыцця Святога Айца на Кракаўскія блоні. Ля стала засталася адна з дзяўчынак, якая плакала. На пытанне сяброў і сябровак, што здарылася, яна адказала: «Чаму ён такі добры, а я такая злая?»
Не заахвочваю, каб мы гаварылі дрэнна пра сябе і былі перакананымі ў гэтым. Аднак жа заахвочваю да таго, каб імкнуцца быць лепшымі. Менавіта гэта з’яўляецца для нас, хрысціян, заданнем на сёння. Міласэрнасць з’яўляецца гэтай дарогай да дабра. Станьма на гэтую дарогу на пачатку святога часу Адвэнту.
На гэтую прыгожую працу пазнавання Бога, захаплення Богам і наследавання Бога, каб быць міласэрнымі, прыміце маё пастырскае благаслаўленне разам з малітвай і просьбай аб малітве за мяне.
Пінск, 23 лістапада 2015 г.
Біскуп Пінскі
+ Антоні Дзям’янка
Паводле catholic.by