Папа Францішак: Каталіцкая адукацыя – гэта адзін з самых важных выклікаў для Касцёла
“Каталіцкая адукацыя – гэта адзін з самых важных выклікаў для Касцёла, занятага новай евангелізацыяй у культурным і гістарычным кантэксце”, — сказаў папа Францішак падчас сустрэчы з членамі Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі.
Аўдыенцыя адбылася 13 лютага 2014 г. з нагоды пленарнага пасяджэння гэтай ватыканскай дыкастэрыі. Падчас яе Святы Айцец вылучыў тры аспекты, актуальныя для гэтай сферы. У першую чаргу, на яго думку, неабходна памятаць пра каштоўнасць дыялога. Папа нагадаў, што нягледзячы на вялікую колькасць прадстаўнікоў іншых веравызнанняў у каталіцкіх школах і інстытутах, пакліканнем гэтых устаноў з’яўляецца знаёмства з “хрысціянскай прапановай” – прадстаўленне Езуса Хрыста ў якасці сэнсу жыцця, сусвету і гісторыі. Яно павінна адбывацца з павагай да свабоды кожнага і метадамі, уласцівымі навучальным асяроддзям, падкрэсліў Пантыфік.
Іншым важным аспектам, на думку Святога Айца з’яўляецца кваліфікаваная падрыхтоўка выхавацеляў. “Выхавацель у каталіцкіх школах павінен быць перш за ўсё кампетэнтным, кваліфікаваным”, — адзначыў Папа і дадаў, што не трэба забывацца аб чалавечым і педагагічным аспекце ў камунікацыі з моладдзю. Моладзь, падкрэсліў ён, мае патрэбу не толькі ў тым, каб каштоўнасці абвяшчаліся, але і каб сведчыліся. Пантыфік заклікаў больш “інвеставаць” у прафесійную і духоўную падрыхтоўку каталіцкіх настаўнікаў і выкладчыкаў.
Францішак таксама адзначыў важнасць узаемадзеяння каталіцкіх і касцёльных навучальных устаноў са светам – яны не павінны ізаляваць сябе, але “з адвагай узыходзіць на арэапаг сучасных культур і ўключацца ў дыялог, усведамляючы дар, якія могуць перадаць іншым”.