Пачатак навучальнага года 2017/2018
Вечарам 23 верасня ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах урачыста распачаўся новы навучальны год. Традыцыйна напачатку інаугурацыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз біскуп Антоні Дзям’янка. Разам з ім святочную Эўхарыстыю цэлебравалі новапрызначаны дырэктар каледжа ксёндз Юрый Дрозд, дзекан Баранавіцкага дзеканату ксёндз Валянцін Новак і выкладчык каледжа айцец Яўген Маліноўскі. Святары, супрацоўнікі і студэнты разам маліліся, просячы Духа Святога ўмацаваць іх сваімі дарамі. У гаміліі ксёндз біскуп Антоні Дзям’янка падкрэсліў, што тыя, хто вучыцца ў каледжы пакліканы ўзбагачаць свет евангельскімі каштоўнасцямі. Хрысціяне, па словах іерарха, евангелізуюць не таму, што хочуць запанаваць над светам, а каб зрабіць яго лепшым.
Пасля святой Імшы ў актавай зале прайшла афіцыйная частка мерапрыемства. Выпускнікі атрымалі дыпломы, а першакурснікі – студэнцкія білеты і заліковыя кніжкі. Да здабыцця ведаў з галіны каталіцкай тэалогіі і іншых гуманітарных дысцыплін прыступілі 21 першакурснік, а агульная колькасць навучэнцаў на ўсіх трох курсах склала 69 чалавек. 11 выпускнікоў атрымалі дыпломы аб заканчэнні духоўнай навучальнай установы, прычым 4 з іх – дыпломы з адзнакай. Студэнты каледжа – гэта людзі розных узростаў і прафесій, з рознымі жыццёвымі лёсамі. Але ўсіх іх аб’ядноўваюць супольныя рысы: яны з’яўляюцца актыўнымі вернікамі, прагнуць паглыблення сваёй веры і не баяцца аб ёй сведчыць у нашым грамадстве, дзе ўсё яшчэ адчуваецца недахоп духоўных каштоўнасцяў. Да іх справядліва адносяцца словы Езуса: “Вы – соль зямлі” (Мц 5, 13).
Выпускнікі гэтага года таксама павіншавалі выкладчыкаў і падзякавалі ім за працу. З асаблівым клопатам яны аднесліся да першакурснікаў: кожнаму ўручылі ў якасці падарунку ручкі і сшыткі. Пасля афіцыйнай часткі адбылася святочная вячэра і забаўляльная праграма, якую падрыхтавалі студэнты другога курса.
Тэкст: кс. Юрый Дрозд
Фота: брат Корнэль Консэк
Пры выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт catcollege.by абавязкова!