Не быць абыякавымі: лекцыя Prolife ў Катэхетычным каледжы
Чарговы з’езд у каледжы адбыўся у разгар падрыхтоўкі вернікаў да свята Вялікадня. І студэнты каледжа таксама імкнуліся правесці вольны час як мага больш пленна. У гэтым ім, безумоўна, дапамаглі адданыя сваей справе выкладчыкі.
Так, пасля лекцый кіраўнік фонда “Адкрытыя сэрцы” спадар Уладзіслаў Валаховіч правёў ужо традыцыйную гутарку-прэзентацыю Prolife для студэнтаў і выкладчыкаў каледжа. Сп. Валаховіч на працягу трох гадзін апавядаў пра шкоду выкарыстання кантрацэптыўных сродкаў, мінусы сучаснага палавога выхавання дзяцей і тэндэнцыі гендэрнага выхавання моладзі ў краінах Заходняй Еўропы. Пераканаўча, з густам і нават дзесьці з гумарам Уладзіслаў Анатольевіч данёс да слухачоў інфармацыю аб актуальных праблемах сучасных сем’яў і моладзі, захапляльна пераказаў гісторыі з уласнага вопыту і вопыту працы валанцёраў арганізацыі, адказаў на шматлікія пытанні, і, што вельмі важна, заклікаў прысутных быць актыўнамі: маліцца за ненароджаных дзяцей і іх бацькоў у абартарыях ці проста дома, распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю пра кантрацэпцыю і аборты, а галоўнае – не быць абыякавымі пры сутыкненні з закранутымі праблемамі ў штодзённым жыцці. Напрыканцы лекцыі кожны слухач меў магчымасць атрымаць буклеты фонда і падпісацца на рассылку навін арганізацыі.
Больш падрабязна з дзейнасцю фонда “Адкрытыя сэрцы” можна азнаеміцца на сайце.