Навукова-практычны семінар “Аздараўленне: экзарцызм ці псіхатэрапія?”

22 лютага ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах адбыўся навукова-практычны семінар “Аздараўленне: экзарцызм ці псіхатэрапія?”. Арганізатарам семінара выступіла дадзеная навучальная ўстанова Пінскай дыяцэзіі на чале з яе дырэктарам кс. Андрэем Рылкам.

Больш за 200 чалавек з розных месцаў Беларусі супольна шукалі адказы на пытанні семінара. У мерапрыемстве ўдзельнічалі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, госці і студэнты каледжа.

Вядучымі семінара былi аўтарытэтныя спецыялісты ў галіне экзарцызму, псіхіятрыі, свецкія і духоўныя асобы з Беларусі і замежжа, якія займаюцца праблематыкай звышнатуральных аздараўленняў, “спадчынных грахоў”, распазнавання харызматаў, дэманічных уздзеянняў і псіхаманіпуляцый. Планавалася прыбыццё таксама спецыялістаў з Украіны, аднак з-за сітуацыі, якая склалася ў іх краіне, ім не ўдалося ўдзельнічаць. З некаторымі з іх звязаліся праз сучасныя сродкі камунікацыі, такім чынам яны змаглі прадставіць свае даклады.

Імшу ў межах семінара ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка, у ёй удзельнічалі біскуп Казімір Велікаселец і святары. Гамілію прамовіў кс. Чэслаў Паўлюкевіч, які падзяліўся сваім вопытам як святара, а таксама як экзарцыста. Ксёндз Чэслаў Паўлюкевіч арганізуе харызматычныя рэкалекцыі ў санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі, дзе з’яўляецца кусташам, з удзелам вядомых экзарцыстаў з-за мяжы, такіх, як ужо спачылы а. Руфус Перэйра і а. Джэймс Манджакал.

Біскуп Антоні Дзям’янка: “Са злымі духамі нам не па дарозе”

 

 

 

Пінскі ардынарый звярнуўся да ўдзельнікаў семінара з прывітальным словам. Іерарх зазначыў, што, як навучае хрысціянства, чалавек складаецца з душы і цела, і ўзгадаў, што ў штодзённым жыцці кожнаму спадарожнічаюць добрыя духi, але таксама існуюць злыя духі, “з якімі нам не па дарозе”.

Біскуп звярнуў увагу, што “добрыя духі дапамагаюць нам у добрым, а злыя кіруюць нас на дарогу, па якой нам нельга ісці”. Узгадваючы пра ролю экзарцыстаў, пінскі ардынарый заўважыў, што яны дапамагаюць чалавеку ўвайсці на дарогу аздараўлення, якое можа даць толькі сам Бог.

Сястра Пауля Бобэр: аздараўленне – гэта пачуць голас: «Ты Маё адзінае стварэнне»

 

 

 

На семінары выступіла сястра Пауля Бобэр, псіхолаг і кансультант, якая дапамагла ўдзельнікам у даследаванні праблематыкі аздараўлення.

Сястра зазначыла, што калі чалавек хоча быць шчаслівым, “трэба прарабіць шлях да аздараўлення”. Па словах дакладчыцы, каб чалавек мог увайсці на гэты шлях, «трэба пераадолець страх», які вельмі часта спадарожнічае, «пачуццё, што я нікому не патрэбны, слабы, хворы, ахвяра, смяротны».

Сястра вызначыла разнастайныя прычыны бед чалавека: дысфункцыйныя сем’і, фізічнае і сексуальнае насілле, псіхічны шантаж, уласныя памылковыя выбары, свядомы выбар зла – значыць грэх, дэманічныя сілы.  Як падкрэсліла сястра, першы асноўны крок, каб быць аздароўленым, — гэта надзея і сустрэча з любоўю. Па словах выступоўцы, лепш спадзявацца на Пана, чым на чалавека, а таксама пачуць голас: «Ты Маё адзінае стварэнне».

Віталь Булыга: «Для псіхалогіі важныя хрысціянскія погляды»

 

 

 

На семінары выступіў Віталь Булыга, беларускі псіхолаг, псіхатэрапеўт і выкладчык Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах. Дакладчык адзначыў, што “для псіхалогіі жыццёва важныя хрысціянскія погляды чалавека». У псіхатэрапіі, па словах Віталя Булыгі, «важны хрысціянскі падыход, таму што яна базуецца на хрысціянскай марфалогіі, а чалавек створаны на Божы вобраз і падабенства».

Марыя Рудая: споведзь і намашчэнне нясуць аздараўленне 

 

 

 

Праз skype даклад “Аздараўленне: ці патрэбна псіхалогія?” прадставіла Марыя Рудая, магістр псіхалогіі з Украіны. Яна падкрэсліла, што псіхолаг не з’яўляецца тым, хто паказвае кліенту, як жыць, але толькі павінен суправаджаць яго. Чалавек, як было адзначана, павінен сам дасягаць мэты, а задача спецыялістаў – толькі дапамагаць у гэтым.

Па словах дакладчыцы, існуюць два самыя важныя сакрамэнты, якія нясуць чалавеку аздараўленне: пакаянне і намашчэнне хворых, падчас якіх адбываецца духоўнае і фізічнае аздараўленне.

«Малітва аб аздараўленні і сакрамэнты накіраваны на тое, каб прасіць Бога, каб сваёй уладай, калі будзе Яго воля, даў аздараўленне, — адзначыла выступоўца. – Не псіхолаг, не чалавек аздараўляе. Яны толькі дапамагаюць, накіроўваюць да таго, каб знайсці сэнс жыцця, вырашыць унутраныя канфлікты, паказаць нясталасць асобы».

Кс. Чэслаў Паўлюкевіч: “Самае важнае — прывесці чалавека да Езуса”

 

 

 

Кс. Чэслаў Паўлюкевіч, экзарцыст Гродзенскай дыяцэзіі, выступіў з дакладам на тэму “Аздараўленне: вопыт душпастыра і экзарцыста”. Па словах святара, падчас лячэння вельмі важная дапамога медыкаў, але не менш важнай з’яўляецца і малітва – як самога чалавека, так і ўсёй супольнасці за яго.

Дакладчык падкрэсліў важнасць таямніцы пакаяння: вельмі шмат аздараўленняў, па яго словах, адбылося тады, калі чалавек перажыў добрую споведзь.

“Самае важнае – гэта прывесці чалавека да Езуса, каб ён мог стаць у праўдзе, мог пазнаць Яго”, — звярнуў увагу святар. Менавіта ў Хрысце праўда, і менавіта з Яго дапамогай, як заўважыў выступоўца, адбываецца аздараўленне. Таксама дакладчык параіў прысутным кожны дзень маліцца аб напаўненні Духам Святым, што неабходна пры аздараўленні.

Аляксей і Станіслава Каралевіч: „Смерць дачкі дала нам жыццё”

 

 

 

Аляксей і Станіслава Каралевіч, актывісты каталіцкага руху «Святло-Жыццё» («Хатні Касцёл»), якія 30 гадоў жывуць у сужэнстве, падзяліліся жыццёвым досведам, даючы сведчанне веры. Яны распавялі, што ў іх жыцці быў момант, калі яны мелі справу з біяэнергатэрапіяй, бо шукалі розных спосабаў, каб ратаваць жыццё сваей дачкі. Пасля ж балючай страты – смерці дачкі – яны зразумелі, што адзіным лекарам чалавека з’яўляецца толькі Бог. «Смерць дачкі дала нам новае жыццё», — кажуць яны сёння. “Пан Бог запрасіў нас павярнуцца да Яго, адкрыць сваё сэрца і стаць тварам перад Ім”, — кажа Аляксей.

Па іх словах, Бог дапамог ім змяніць сваё жыццё, наблізіцца да Яго, адчуць Яго любоў і ласку, дапамогу. Каб так магло стацца і ў жыцці іншых, яны заахвоцілі прысутных ахвяроўваць Богу не тое, што можам, але тое, што для чалавека з’яўляецца прыемнасцю. “Сэрца чалавека павінна быць занята Богам, каб усё тое, што Яму належыць, вярнулася да Яго”, — падкрэсліла Станіслава Каралевіч.

Біскуп Казімір Велікаселец: дапамога — у малітве да Бога і Божай Маці, у прыманні з верай Божага Цела і Крыві

 

 

 

Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі заўважыў, што злы дух заўсёды можа ўздзейнічаць на чалавека, знаходзіцца каля яго, і супраць гэтага вельмі дапамагае малітва да Бога і Божай Маці. Важныя, па словах іерарха, зносіны з Панам, і для гэтага Хрыстус устанавіў святую Імшу. Падчас яе важна з верай прымаць Цела і Кроў Езуса, а таксама прабачаць іншым людзям і ні на каго не мець у сэрцы зла.

“Дзве тысячы гадоў таму Хрыстус памёр за нас, каб дапамагчы нам перамагчы тыя заганы, якія ў нас ёсць, якія існуюць яшчэ з часоў Адама”, — адзначыў біскуп. Па словах іерарха, сёння людзям асабліва важна перамагаць у сабе гэтыя заганы, звяртацца да Бога, і гэта будзе садзейнічаць аздараўленню.

На заканчэнне дакладчыкі семінара адказалі на пытанні ўдзельнікаў. Найбольш пытанняў датычылася тэмы экзарцызму: магчыма, гэта звязана з тым, што шмат людзей сёння шукае сэнсу жыцця, нярэдка сустракаецца з дзеяннем злога духа, духоўным зняволеннем, многія шукаюць аздараўлення цела і духу.

Асноўная думка, якую выступоўцы пакінулі слухачам, заключалася ў тым, што аздараўленне як душы, так і цела можа даць толькі Бог, чалавеку ж трэба адкрыцца на Яго дзеянне, упусціць Бога ва ўсе сферы свайго жыцця. Неабходна, як прыйшлі да высновы ўдзельнікі, каб Бог быў Панам жыцця, Яму трэба давяраць, а тады, калі чалавек будзе супрацоўнічаць з асвячальнай ласкай, зведае і ласку аздараўлення, стане вольным ад усялякіх справаў злога духа і будзе мець у сабе Божае жыццё.

 


 

 

Кс. Юрый Марціновіч, AG

Фота Аляксандры Шчыглінскай 

Паводле catholic.by