Мы быццам адчувалі подых Духа Святога: у Катэхетычным каледжы сустрэлі першакурснікаў

Неяк дзіўна арганізаваны наш свет. Здаецца, восень – гэта час, калі этап энергіі, рухавасці і жыцця падыходзіць да свайго заканчэння, гэта час, калі падводзяць вынікі, усё рыхтуецца спыніцца і заснуць. Але ў той жа час шмат для каго з надыходам восені пачынаецца новае жыцце, жвавае, яскравае, поўнае падзей і ўражанняў: вучні распачынаюць новы навучальны год, студэнты вяртаюцца да навуковай дзейнасці, працуючыя бяруцца за новыя заданні.

І Катэхетычны каледж не выключэнне. Перш за ўсё падводзяцца вынікі ўступнай камапаніі. Сёлета сям’я каледжа павялічылася на пятнаццаць новых студэнтаў, будучых катэхетаў і сямейных кансультантаў. Чым адметныя першакурснікі гэтага года расказала нам с. Ядзвіга Шчучко, якая прымала ў іх уступныя экзамены: “Першакурснікі прыемна мяне ўразілі . Па-першае, яны вельмі адкрытыя, з імі лёгка кантактаваць. Па-другое, калі меркаваць па іх адказах на экзамене, гэта людзі, якія сапраўды жывуць хрысціянскіх жыццем, практыкуюць сваю веру ў штодзенных справах. Яшчэ адна рыса, якая адрознівае іх ад студэнтаў, якія паступалі раней, — гэта тое, што ўсе яны вельмі мэтанакіраваныя. Звычайна, калі на сумоўі мы пытаемся, чаму чалавек хоча вучыцца ў Катэхетычным каледжы, шмат хто адказвае, што прыйшоў сюды, каб атрымаць штосьці для сябе. Але ўсе студэнты сёлетняга набору сказалі, што сапраўды хочуць працаваць катэхетамі і сямейнымі кансультантамі ”.

13 верасня, на першым з’ездзе новага навучальнага года, студэнты старэйшых курсаў і выкладчыкі пазнаёміліся са сваімі малодшымі сябрамі. Перш за ўсе супольнасць Катэхетычнага каледжа сабралася каля Алтара Пана на Святой Імшы, якую цэлебраваў дырэктар навучальнай установы кс. Андрэй Рылка. А для таго, каб усе маглі бліжэй пазнаёміцца, пасля вячэры быў арганізаваны вясёлы вечар.

“Мне разам з Паўлам давялося быць вядучым, — дзеліцца ўражаннямі Максім Боландзь з 2 курсу, — і гэта, у сваю чаргу, накладвала асаблівую адказнасць за падрыхтоўку і правядзенне вечара. Трэба было паказаць нашым першакурснікам “хто мы такія”, і зрабіць усе як мага лепей. Так я меркаваў, калі даведаўся, што буду вядучым, але Бог, ведаючы мяне, падказаў, што не трэба нешта даказваць альбо рабіць найлепш, трэба любіць. Гэта быў вечар любові і еднасці. І конкурсы атрымалася правесці з нейкім асаблівым падыходам, і план вечара падчас нашага мерапрыемтсва зрабіўся,як мне здаецца, лепшым, і тыя, хто ўдзельнічаў у конкурсах альбо быў гледачом, спадзяюся, адчувалі сябе вельмі добра”.

Сваімі пачуццямі і думкамі наконт мінулага вяселага вечара з намі падзялілася і Юрчук Ірына, будучы катэхет: “Гэта быў сапраўды сямейны вечар. Адчувалася асаблівае адзінства, якое бывае толькі тады, калі ўсе сабраліся з адной мэтай. Мы быццам адчувалі подых Духа Святога, які нас, нягледзячы на тое, што мы яшчэ мала знаемыя, з’яднаў і ўмацаваў у любові да бліжняга”.

Прыемныя ўражанні засталіся і ў першакурсніцы Марыі Голад: “Я удзельнічаю ў такіх мерапрыемствах не першы раз. Вельмі часта ежджу на Аазы і знаема з тым, як праходзяць “вяселыя вечары” . Мне спадабалася сама арганізацыя, калі нешта не атрымоўвалася так, як планавалася, хутка змянялі на нешта іншае. Не было вялікіх затрымак альбо непаразуменняў. Як толькі пачалі нас вітаць і запрашаць да ўдзелу ў конкурсах, я падумала, што зараз будзе нешта класнае! Конкурсы былі цікавыя, танцы, негледзячы на тое, што яны мне вельмі знаёмыя, прайшлі бліскуча. Асабліва калі танцуешь разам з усімі, гэта так аб’ядноўвае! Канешне, хацелася б болей танцаў альбо супольных спеваў, конкурсаў, бо час прайшоў так хутка. Яшчэ мне вельмі спадабалася, што на пачатку і ў канцы нашага вечара была малітва. Мы прасілі аб Божым благаслаўленні на правядзенне гэтага вечара і Пан выслухаў нашыя малітвы, а пасля падзякавалі Богу за Яго любоў, за тое, што сабраў усіх нас і аб’яднаў у адзіную сям’ю. Хвала Пану за гэты вечар”.

Так прыемна прайшла першая сустрэча ў Катэхетычным каледжы. Наперадзе яшчэ шмат цікавага і прыемнага, але спадзяемся, што гэты першы вечар застанецца ў памяці першакурснікаў назаўсёды, а цеплыя ўспаміны яшчэ не раз сагрэюць іх прыгожыя сэрцы.

 Фотарэпартаж