Майстэрня Дабрыні

Вялікі пост – спрыяльны час для ўчынкаў міласэрнасці. Менавіта таму на з’ездзе 5-6 красавіка ў Катэхетычным каледжы адкрылася «Майстэрня дабрыні». Студэнты рабілі морквы з цукерачкамі – падарункі для дзетак з Беларускага дзіцячага хоспіса, які знаходзіцца ў Бараўлянах.

Ідэя так аформіць падарункі з’явілася дзякуючы аднаму з сімвалаў Вялікадня – велікоднаму зайцу, легенда аб якім упершыню была дакументальна згаданая ў XVIст. З 1991 па 2005 ў Мюнхене нават працаваў Музей велікоднага зайца, які налічваў больш за 1000 экспанатаў. Там можна было ўбачыць парцалянавых, драўляных, тканевых, керамічных зайцаў, зайцаў з цукру і воску, а таксама знайсці механічных зайцаў, фігуркі з гадзіннікамі, разнастайныя паштоўкі і формы для вырабу велікодных зайцаў з марцыпанам і шакаладам.

На думку саміх студэнтаў, «Майстэрня дабрыні» прайшла даволі плённа: яны весела правялі час і зрабілі каля 15 салодкіх падарункаў. Морквачкі былі перададзеныя валанцёрам з БНТУ, якія і павіншуюць дзетак са светлым святам Вялікадня.

Фотарэпатаж