Лепшыя катэхеты
Падрыхтоўка да навучальнага з’езда 6-7 снежня распачалася задоўга да самога з’езда. І не таму, што ў каледжы планавалася важнае мерапрыемства, а таму, што ў суботу 6 снежня студэнты 3 курса мелі практычныя заняткі па катэхетыцы-практыцы ў парафіі св. Зыгмунта.
І хаця былі яны тут ужо не ўпершыню (у мінулым навучальным годзе студэнты таксама спрабавалі сябе ў якасці катэетаў у гэтай парафіі), у гэты раз іх чакала шмат новага і незвычайнага.
У гэты дзень Касцёл узгадваў св. Мікалая, патрона дзяцей. Як растлумачыць ім, што св. Мікалай гэта не Дзед Мароз? Як заахвоціць іх не столькі чакаць падарункаў у гэты дзень, колькі імкнуцца самім дараваць людзям радасць і спакой? Такія пытанні хвалявалі пачынаючых катэхетаў, але яны здолелі знайсці на іх адказы. Пасля заняткаў дзеткі, трымаючы ў руках падарункі, шчыра ўсміхаліся і з ахвотай дапамагалі адзін аднаму збіраць рэчы і апранацца, каб быць больш падобнымі да святога, пра якога яны ў гэты дзень даведаліся.
Але ўсміхаліся не толькі дзеткі, але і іх бацькі, для якіх таксама былі праведзены катэхетычныя заняткі. Пакуль маленькія малявалі і разгадвалі крыжаванкі, дарослыя даведваліся пра адвэнтавыя традыцыі, разважалі над духоўным жыццем хрысціяніна падчас Адвэнту, шукалі адказы на пытанні, звязаныя з хрысціянскім выхаваннем, і знаёміліся з касцёльнымі рухамі. Нягледзячы на тое, што спачатку бацькі троху насцярожана аднесліся да неабходнасці ўдзельнічаць у катэхезе, пасля яны з ахвотай адказвалі на пытанні, распавядалі пра ўласны досвед і нават малявалі. Не засталіся яны і без падарункаў ад св. Мікалая.
Увогуле, як адзначылі потым самі выкладчыкі, дарослыя патрабуюць катэхезы не менш, чым дзеці, і, магчыма, варта звярнуць на гэту справу больш увагі, бо ніводны катэхет не навучыць дзіця жывой веры так, як родныя бацькі.