Крочым да Маці Божай!

Лета — гэта не толькі перыяд адпачынку для студэнтаў каледжа, але і  час пілігрымак да санктуарыяў Маці Божай. Кожны год у паломніцтвы выбіраюцца людзі розных узростаў і з рознымі просьбамі з усіх куткоў Беларусі. У гэтыя дні шматлікія вернікі накіроўваюцца да цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Менавіта нашым уражанням, сведчанням і падзякам Богу за тыя цуды, якія Ен чыніць у нашым жыцці праз заступніцтва Марыі, будзе прысвечаны шэраг артыкулаў, які распачынаем з вельмі шчырага і натхняльнага сведчання Веранікі Сідарэні.

LCExsUoIoIQ2

На працягу мінулага года Бог вельмі шмат зрабіў цудаў у маім жыцці. Цяпер я магу з упэўненасцю сказаць, што самае галоўнае — верыць ў сілу Бога, давяраць Яму сябе і сваё жыццё, давяраць ўсе свае справы і жаданні і тады нават немагчымае стане магчымым, бо ўсё ў Божых руках.

Адно з найвялікшых цудаў — гэта аздараўленне майго дядзі, які хворы на рак крыві. Калі я ўбачыла яго, ляжачым на бальнічным ложку, на вачах паявіліся слезы ад жалю, бо на ложку ляжаў амаль нерухомы чалавек, у якога поўнасцю былі паралізаваныя ногі, ён не мог паварушыць нават пальцамі ног, з-пад прастыні было толькі відаць як ногі тузае ў розные бакі нерв. За ім трэба было даглядаць як за маленькім дзіцём, усё гэта рабіла маміна сястра (у дядзі няма сваей сям’і).  Наведваць дядзю ў мяне не атрымвалася (ён жыве у іншым горадзе), але кожны дзень я малілася за яго да Маці Божай.

Летам пайшла ў пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай з Віцебску. Інтэнцыя была — аздараўленне дядзі. У час гэтай пілігрымкі Бог падарыў мне шмат радасці праз тых цудоўных людзей, якія былі побач. Шмат было малітвы падчас пілігрымкі, нягледзячы на тое, што Ружанец мы маліліся тры разы на дзень, малітва была вельмі шчырай. Можа па-іншаму і немагчыма, калі падчас малітвы, я бачыла хлопцаў і дзяўчат, якія маліліся, ўздымаючы рукі да Нябесаў, трымаючы ў ладонях Ружанцы. Вельмі вялікай радасцю было і тое, што недзе на другі дзеньпілігрымкі я паспавядалася, але самае галоўнае вельмі шчыра. У апошні час на мяне часта находзіў нейкі страх, у асаблівасці перад кімсьці або чымсьці незнаёмым, але пасля размовы са святаром, шчырай споведзі, малітвы святара нада мной увесь гэты страх адышоў. Я нават асмелілася спяваць у мікрафон, што раней было для мяне смерці падобным!!!!! Але шлях быў таксама і цяжкім, у мяне было вельмі шмат мазалёў, а адной ноччу я ніяк не магла заснуць ад нясцерпнага болю нагі. Спалі мала, ішлі па шмат кіламетраў кожны дзень, стомленасць жудасная, толькі Бог даваў сілу і ўнутраную радасць. Якое было шчасце, калі прыйшлі ў Будслаў, але, каб дайсці да цудатворнага абраза, прыйшлося немала перажыць. Справа ў тым, што мы не паспелі гэта зрабіць да Імшы, а пасля Імшы жадаючых прыблізіцца да абраза Марыі нават павялічылася. Шмат часу прайшло пакуль мы ўвайшлі ў сам касцел, а калі ўвайшлі і ўбачылі Маці Божую далека ад нас, пачалі спяваць ўсе разам ды з такім энтузіязмам, на ўсю моц, ад усяго сэрца толькі, каб Марыя пачула, толькі каб убачыла нашыя рукі і сэрцы, адчыненыя на Духа Святога. Гэта быў вельмі шчыры спеў. Калі я прыблізілася да абраза Маці Божай, то на вачах  у мяне паявіліся слезы радасці, Марыя нібы ўсміхалася мне.

Прыехаўшы да дому, я даведалася, што дядзя ні толькі можа шавяліць нагамі, але нават і самастойна падымацца і сядзець на ложку. Зараз дядзя можа нават хадзіць. Калі я бачу, як ён ходзіць, я праслаўляю Бога за кожны крок, які робіць дядзя. Для мяне гэта найвялікшы цуд, доказ Божай любові да чалавека.

Верце Богу, давярайце Яму, праслаўляйце Яго!!!