Кардынал Казімір Свёнтэк: гісторыя і будучыня Касцёла на Беларусі

25 кастрычніка Касцел на Беларусі адзначаў стагоддзе са дня нараджэння святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Вялікія ўрачыстасці адбыліся ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску. Але ў гэты дзень кардынала ўспаміналі не толькі ў Пінску. Студэнты Катэхетычнага каледжа таксама сабраліся разам, каб падзякаваць Богу за заснавальніка навучальнай установы і свайго духоўнага айца.

IMG_5608

Перад Езусам Хрыстом, укрытым у Хлебе, навучэнцы памаліліся Святым Ружанцам, разважаць над таямніцамі якога ім дапамаглі 7 з паловай наказаў самога Казіміра Свёнтка, што паўсталі з таго, што было прамоўлена ім падчас зямнога служэння Богу і Касцёлу.

IMG_5607

Пасля малітвы ўсе перайшлі ў вучэбную аўдыторыю, якая на некалькі гадзін пераўтварылася ў кіназалу. Увазе гледачоў быў прадстаўлены фільм “Маці Міласэрная”. Студэнты змаглі бліжэй пазнаёміцца з асобай кардынала, з яго дзейнасцю і, галоўнае, з яго сведчаннем веры. Цікавым дадаткам сталі каментары с. Таццяны Халапук, выкладчыцы катэхетыкі, якая распавяла кранаючыя сцэны з жыцця кардынала і хрысціян таго часу.

IMG_5619

Убачыўшы, як цяжка было адраджаць хрысціянскую веру, якіх высілкаў гэта каштавала, якога даверу да Бога вымагала, мімаволі ўзнікалі думкі пра будучыню Касцёла на нашай Радзіме, пра тое, што яна залежыць ад таго, наколькі вернымі мы будзем Хрысту і наколькі моцнай будзе наша любоў.

IMG_5612