«Ідзі за Мною»: у Катэхетычным каледжы распачаўся новы навучальны год

IMG_9515

«І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага Цела» (Эф 4, 11-12), — такімі словамі Святое Пісанне сустрэла навучэнцаў Катэхетычнага каледжа імя З. Лазінскага ў Баранавічах, дзе 21 верасня ўрачыста адкрыўся новы навучальны год. Сімвалічна, што гэты дзень супаў са святам святога Мацвея, апостала і евангеліста. Падчас святой Імшы дырэктар каледжа ксёндз Алег Сількевіч нагадаў пра жыццё святога Мацвея як прыклад для будучых катэхетаў. Святар падкрэсліў, што Езус абірае на служэнне розных людзей, але тым, хто бярэ на сябе адказнасць выхоўваць у веры, важна памятаць, што яны нясуць Божае святло не толькі праз слова, але ў першую чаргу праз сваё асабістае жыццё, якое і павінна быць сапраўдным сведчаннем веры. Таму трэба дазволіць Езусу Хрысту змяніць яго, як Ён змяніў жыццё мытніка Мацвея.

Сёлета студэнцкая сям’я каледжа павялічылася на 24 чалавекі, якія прыехалі з усіх куткоў Беларусі і з-за мяжы (сем чалавек з Літвы будуць атрымліваць веды дыстанцыйна).

Прывітаць новых студэнтаў сабраліся шматлікія сябры каледжа: выкладчыкі,студэнты, выпускнікі папярэдніх гадоў. Яны падрыхтавалі святочную вячэру і конкурсную праграму, падчас якой пастараліся праз гульні і танцы паказаць, што чакае першакурснікаў у бліжэйшыя тры гады навучання: яны «ехалі» ў каледж, чыталі неразборліва напісаны канспект, здавалі іспыты і «хвасты». Упрыгожыла вечар чытанне вершаў паэтэсы і выпускніцы каледжа Нэліі Сяўрук.

Паспяхова прайшоўшы ўсе «выпрабаванні» і «пацвердзіўшы» сваю гатоўнасць быць студэнтамі каледжа, 22 верасня будучыя катэхеты атрымалі з рук дырэктара кс. Алега Сількевіча і віцэ-дырэктара кс. Андрэя Рылкі студэнцкія білеты і заліковыя кніжкі.

«З’явілася яшчэ адна вялікая хрысціянская сям’я, — дзеліцца ўражаннямі першакурсніца Таццяна Дзянішчык, — столькі розных людзей, але ў той жа час адкрытых, радасных і аб’яднаных, напэўна, адным жаданнем — больш даведацца аб Богу і несці Яго іншым. Спадзяюся, што ўсе першакурснікі распазнаюць праз навучанне сваё сапраўднае пакліканне і не змарнуюць гэтай магчымасці, якую падараваў нам наш Айцец».

Хочацца пажадаць навучэнцам, каб час, праведзены ў сценах каледжа, сапраўды прынёс багаты плён, быў напоўнены шчырым сяброўствам, падтрымкай і прысутнасцю Бога.

Марына і Вольга Пашкевіч

Фотарэпартаж