«Дарога чыстай любові» — новае выданне ў дапамогу катэхетам

З’явіўся падручнік для заняткаў па выхаванні сямейных каштоўнасцяў у падлеткаў і моладзі «Дарога чыстай любові», пра які с. Чэслава Навіцкая распавяла на сустрэчы духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі 20 лютага.

Аўтары падручніка — с. Марыя Квек USJK і Івона Новак. Першая з аўтараў наведвала Беларусь і чытала свае лекцыі на гэтую тэму ў кастрычніку мінулага года.

Калі казаць пра змест гэтай кнігі, то хутчэй яе можна назваць вялікім зборам план-канспектаў з дыдактычнымі матэрыяламі, якія могуць выкарыстоўваць катэхеты падчас сваіх заняткаў.

Выданне створана пры Катэхетычным аддзеле Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Аўтары ўздымаюць вострыя і актуальныя пытанні, якія з’яўляюцца ў жыцці падлеткаў і моладзі. Прапанаваныя планы могуць дапамагчы скіраваць катэхетаў на простыя і зразумелыя спосабы падачы праблемных тэм.

Кожны з канспектаў — гэта творчы падыход да разглядаемай тэмы. Дыдактычны матэрыял — зразумелыя і простыя схемы і малюнкі, дзякуючы якім актуалізуецца вобразнае мысленне навучэнцаў. Гэта матэрыял-падказка, матэрыял-накіраванне. Аднак яго недахопам з’яўляецца не зусім дакладны пераклад некаторых паняццяў і тэрмінаў з польскай мовы, якія могуць заблытаць беларускага катэхета.

Цікавыя і актуальныя тэмы і творчая падача матэрыялу, якога дагэтуль не было ў Беларусі, прадстаўляюць асноўную каштоўнасць гэтага выдання для аўдыторыі як катэхетаў, так і катэхізуемых.

Усе тыя, для каго гэта выданне можа быць патрэбна ў выхаваўчай працы, прытым гэта тычыцца не толькі катэхетаў, але і свецкіх настаўнікаў, могуць звяртацца ў Катэхетычны аддзел Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Паводле catholic.by