Біяграфія З.Лазінскага
Біяграфія біскупа Зыгмунта Лазінскага
Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся 8 чэрвеня 1870 ў Бараціне пад Наваградкам у шляхецкай сям’і. Чалавек вялікага розуму, энцыклапедычных ведаў, эрудыт і паліглот, які валодаў 12 мовамі, вылучаўся добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, вялікай ахвярнасцю для бедных, хрысціянскім запалам ў дапамозе бліжнім і сціпласцю асабістага жыцця.
Навучанне Зыгмунт Лазінскі пачаў у сярэдняй школе ў Варшаве, завяршыў у Санкт-Пецярбургу. У 1891 г. скончыў там жа Вышэйшую духоўную семінарыю са ступенню магістра тэалогіі. 23 чэрвеня 1895 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. З 1895 г. працаваў выкладчыкам біблеістыкі і гамілетыкі ў Санкт-Пецярбургскай вышэйшай духоўнай семінарыі, а таксама адной з гарадскіх гімназій. 17 лістапада 1898 г. царскім урадам Зыгмунт Лазінскі быў адпраўлены ў зняволенне ў манастыр у Аглоне на 3 гады «за польскі патрыятызм», адкуль у 1900 г. быў вызвалены. Пасля працаваў вікарыем у Смаленску, Туле, Рызе, з 1904 — адміністратарам філіяльнага касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску, а з красавіка 1905 — пробашчам катэдральнага касцёла ў Мінску. З 1906 аднавіў дзейнасць выкладчыка біблеістыкі і габрэйскай мовы ў Санкт-Пецярбургскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Працягнуў навучанне ва ўніверсітэтах Італіі (Рым), Германіі і Святой Зямлі.
2 Лістапад 1917 Зыгмунт Лазінскі быў прызначаны на пасаду Біскупа Мінскай дыяцэзіі. У 1918 годзе 10 кастрычніка ён адкрыў у Мінску ніжэйшую, а пасля і вышэйшую духоўную семінарыю. У снежні 1918 з прыходам у Мінск Чырвонай Арміі Біскуп Лазінскі пяць месяцаў хаваўся ад арышту ў лясах, не пакідаючы пры гэтым служэння і кіравання дыяцэзіяй, за што бальшавікамі была прызначаная за яго галаву вялікая ўзнагарода. У жніўні 1919 г. з прыходам у Мінск польскіх войскаў вярнуўся ў горад і працягнуў служэнне. Пасля вяртання Чырвонай Арміі адмовіўся падпісваць дэкларацыю аб прызнанні савецкай улады, заявіўшы, што будзе змагацца з камунізмам, які прыносіць бязбожнасць і бяспраўе, за што 1 жніўня 1920 быў арыштаваны па абвінавачванні ў «контррэвалюцыі». Праз 10 дзён пад ціскам мясцовых каталікоў быў вызвалены. 4 верасня 1920 года Біскупа Лазінскага зноў арыштавалі, утрымліваўся ён ў Мінскай турме, пазней быў пераведзены ў Маскву і заключаны ў Бутырскую турму. Праз 11 месяцаў быў вызвалены дзякуючы намаганням польскага ўрада.
2 снежня 1925 святара прызначылі біскупам новастворанай Пінскай дыяцэзіі. У гэты час ён выкладаў біблеістыку, матэматыку і гуманітарныя прадметы ў заснаванай ім жа Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. Біскуп Лазінскі аддана падтрымліваў “усходні гурток” у Пінскай семінарыі, быў ініцыятарам унійных канферэнцый, на якія з’язджаліся выкладчыкі многіх вышэйшых духоўных семінарый. Яго погляды пра магчымасць ужывання беларускай мовы ў набажэнствах станавіліся аб’ектам вострай крытыкі, а справа пашырэння рэлігійнай уніі не заўсёды знаходзіла разуменне ў польскім грамадстве і сярод яго акружэння. Усе сваё жыццё Зыгмунт Лазінскі шмат пісаў і публікаваўся.
Пад канец жыцця Біскуп скіраваў да верных наступныя словы: “Заданнем маім было весці вас да неба, дзеці мае! Вельмі нямогла служыў я вам; ні словам, ні прыкладам не ўмеў я быць правадыром, якім трэба было быць. Даруйце мне мае правіны… Але я вас любіў бясконца і аддана прагнуў аддаць за вас усё маё жыццё, і заўсёды прасіў Пана Езуса, каб дазволіў мне за вас пакутваць, і пакутамі выслужыць Касцёлу тое, чаго не магла здабыць для Яго мая няўдольная праца”.
Біскуп Зыгмунт памёр у Пінску ў Вялікую Суботу, напярэдадні Вялікадня, 26 сакавіка 1932 года. Быў пахаваны ў мясцовым катэдральным касцёле, дзе саркафаг з яго целам спачывае па сённяшні дзень у адмысловай капліцы. Народнае ўшанаванне мошчаў біскупа Лазінскага пачалося адразу пасля яго смерці, а ў 1957 годзе распачаўся яго беатыфікацыйны працэс.