Быць сведкам веры: завяршэнне Года веры ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах
16 лістапада ў дзень Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, супольнасць выкладчыкаў і студэнтаў Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах перажывала адмысловы вечар з нагоды завяршэння Года веры. Асаблівай радасцю стаў прыезд біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі, які адначасова з’яўляецца кіраўніком Вучонага савета каледжа.
Рыхтуючыся да святочнага мерапрыемства, навучэнцы не забыліся і пра тое, што на 17 лістапада прыпадае міжнародны Дзень студэнта, таму праграма суботняга вечара аказалася надзвычай багатай.
Усю суботу ў перапынках паміж лекцыямі вялася інтэнсіўная падрыхтоўка моладзі да святочнага вечара — кожны з курсаў загадзя рыхтаваў сваю частку мерапрыемстваў.
Пасля заняткаў, як і звычайна, адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка. Падчас гаміліі пінскі ардынарый заклікаў студэнтаў заўсёды звяртацца да заступніцтва Маці Божай, каб быць сведкамі і прапаведнікамі веры ў асяроддзі свайго жыцця і працы. Іерарх таксама нагадаў студэнтам аб значэнні Года веры, святкаванне якога завяршаецца.
Пасля малітоўнай часткі сустрэчы і супольнай вячэры студэнты, выкладчыкі і госці каледжа прынялі ўдзел у спецыяльным канцэрце, падрыхтаваным моладзевым гуртом «Laudans» з Мінска. Прыемная музыка ў сукупнасці з добрым спевам вакаліста гурта Андрэя Лугіна спрыялі выдатнаму духоўнаму адпачынку.
На завяршэнне вечара студэнты каледжа арганізавалі салодкі пачастунак, які суправаджаўся разнастайнымі конкурсамі, спевамі і цікавымі гутаркамі.