Біскуп Дзям’янка пра сучасны стан катэхізацыі ў Беларусі і тэалагічную акадэмію

У Рыме 27-29 студзеня 2015 г. праходзіў міжнародны форум, на які сабраліся прадстаўнікі еўрапейскіх епіскапатаў, што займаюцца пытаннямі катэхізацыі. Арганізатарам выступіла Папская рада па новай евангелізацыі. Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прадставіў на міжнароднай сустрэчы Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Ён падзяліўся  сваім поглядам на стан катэхізацыі ў Беларусі, распавёў пра выклікі, якія сёння стаяць перад гэтай евангелізацыйнай сферай, і патлумачыў, навошта патрэбна каталіцкая тэалагічная акадэмія.

— Эксцэленцыя, распавядзіце калі ласка пра кантэкст рымскага форуму і пра яго важнасць для беларускай рэчаіснасці?

Спатканне мае на мэце разважыць усе нашы асягненні і таксама недапрацоўкі ў гэтай галіне. Адначасова, я чакаю, што форум дасць нам творчы імпульс. У Беларусі, як вядома, ёсць катэхізацыя і, на маю думку, яна добра пастаўлена. Перш за ўсё, я маю на ўвазе падрыхтоўку дзяцей да Першай св. Камуніі. У нас ёсць распрацаваныя падручнікі для двухгадовай падрыхтоўкі да яе.

Пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі дзейнічае камісія, якая адказвае за складанне катэхетычных праграм, ад 1 да 11 класаў. Выдадзены ўжо таксама іншыя падручнікі, зацверджаныя епіскапатам, на падставе якіх вядзецца катэхеза пры парафіях.

У Беларусі дзейнічае тры катэхетычных коледжы, у якіх навучаецца больш за 300 студэнтаў. Каталіцкі Касцёл сёння мае патрэбу, каб тыя, хто навучае катэхезе мелі адпаведную адукацыю. І мы дзякуем Богу, што на працягу апошніх 20-ці гадоў удалося столькі зрабіць.

— Такія форумы, гэта звычайна магчымасць паглядзець на асягненні, але і задаць пытанні пра праблемы, якія існуюць. Калі казаць пра апошнія: ёсць коледжы, але наколькі запатрабаваныя Касцёлам іх выпускнікі, колькі з іх знаходзіць працу ў касцёльных структурах; ёсць катэхетычныя праграмы, але ці яны не спісаны пад капірку з іншых краін, без уліку нашай спецыфікі? Іншая справа: калі Каталіцкаму Касцёлу будзе дазволена выкладанне рэлігіі або катэхізацыя ў школах, ці ў нас знойдзецца дастатковая колькасць выкладчыкаў з адпаведнымі дыпломамі, прызнанымі дзяржавай?

Калі казаць пра тое, што мы маем на сённяшні дзень, дзякуй Богу за існаванне катэхетычных інстытутаў. Узровень адукацыі там вельмі высокі. Выкладчыкі маюць адпаведныя ступені. Думаю, калі дзяржаўныя ўлады захочуць зрабіць атэстацыю выкладчыкаў, вялікіх праблем не будзе з наданнем ім адпаведнага статусу і допуску. Калі катэхеза ўвойдзе ў школы, гэта будзе гарантыя сацыяльнага забеспячэння для катэхетаў. Бо, усё ж такі, яны таксама носьбіты культуры, а ў Беларусі культура заснавана на хрысціянскім фундаменце. Спадзяюся, што дзяржава будзе зацікаўлена так, як і ў суседніх краінах, фінансава падтрымаць катэхетаў і прыраўняць іх статус да статусу настаўнікаў.

Што тычыцца катэхетычных праграм, ёсць спецыяльная камісія, якая займаецца іх распрацоўкай. У яе склад уваходзяць не толкі ксёндз і законная сястра, але таксама і асоба з упраўлення асветы. Там ёсць католікі, спецыяльна запрошаныя да ўдзелу ў распрацоўцы праграмы, якая б улічвала асаблівасці Беларусі.

— Вельмі рэзанансна прагучала ідэя стварэння ў Беларусі каталіцкай тэалагічнай акадэміі. Па рознаму гэта ідэя ацэньваецца. Адкуль яна з’явілася, наколькі гэта важна для нас сёння? Чым увогуле будзе каталіцкая акадэмія, паколькі складаецца ўражанне, што мы не разумеем або нам не далі зразумець, што гэта за праект?

Каталіцкі Касцёл і беларускае грамадства знаходзіцца на такім узроўні, калі запатрабаваныя тэолагі з вышэйшай адукацыяй. У нас ёсць шмат універсітэтаў і гуманітарнага, і тэхнічнага напрамкаў, а каталіцкай ВНУ няма. Каб атрымаць навуковую ступень студэнту трэба на канчатковым этапе з’язджаць за мяжу і там абараняцца. Тое, што з’явілася такая ідэя, і ў гэтым накірунку вядуцца працы, гэта радуе нас. Тым больш, мы не першыя. Іншыя канфесіі ўжо гэта маюць. Таму, у пэўным сэнсе, нам гэты шлях ужо паказаны, і трэба зрабіць на канчатковым этапе пэўныя дапрацоўкі.

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радые