Беларусь упершыню паўдзельнічала ў Еўрапейскім форуме адказных за катэхізацыю пры мясцовых Канферэнцыях Каталіцкіх Біскупаў

З 1 па 3 чэрвеня ў Загрэбе (Харватыя) адбылася сустрэча адказных за катэхізацыю пры Канферэнцыях Біскупаў краін Еўропы. Беларусь упершыню ўдзельнічала ў падобнай сустрэчы. Нашу краіну прэзентавала с. Нунэ Цітаян MSF, кіраўнік Катэхетычнай секцыі камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры ККББ.


У сустрэчы прымалі ўдзел прадстаўнікі 17 краін: Харватыі, Аўстрыі, Беларусі, Бельгіі, Венгрыі, Германіі, Іспаніі, Мальты, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Турцыі, Украіны, Францыі, Чэхіі. У сустрэчы ўдзельнічаў таксама прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, сябар Камісіі па новай евангелізацыі мансеньёр Мігель Лопес Варэла. З харвацкага боку сустрэчу ўзначальваў арцыбіскуп Дуро Граніч, старшыня Камісіі па справах катэхізацыі і новай евангелізацыі пры ККББ Харватыі.

У першы дзень усе ўдзельнікі прадставілі справаздачу аб стане катэхізацыі ў сваіх краінах, распавялі пра дзейнасць, якая вядзецца і плануецца ў гэтым кірунку, адзначылі праблемы, з якімі сутыкаюцца катэхеты. У сувязі з тым, што ў 2016 годзе будзе праходзіць Сусветны дзень моладзі ў Кракаве, удзельнікі шмат разважалі аб падрыхтоўцы да гэтай сустрэчы, аб тым, як найлепш арганізаваць катэхізацыю падчас сустрэчы і як пасля самой сустрэчы заахвоціць моладзь і надалей заставацца актыўнымі хрысціянамі ў Касцёле, каб міжнародныя сустрэчы ўзроўню СДМ і Тэзэ не станавіліся «рэлігійным турызмам».

Адказныя за катэхізацыю дзяліліся ўласным досведам наконт таго, як дапамагчы маладым людзям перажываць пастаяннае навяртанне, як учыніць, каб запал, атрыманы на міжнародных рэлігійных сустрэчах, пераносіўся на іх дзейнасць у родных парафіях. Адбылася плённая дыскусія, прагучала шмат карысных прапановаў. З беларускага боку было адзначана, і большасць удзельнікаў сустрэчы згадзілася з гэтым, што з моладдзю трэба мець адвагу размаўляць і нават спрачацца на тэмы сапраўды ім блізкія, вострыя, якія іх хвалююць. Удзельнікі супольна зрабілі канкрэтныя прапановы на абмеркаваную тэму, якія пазней будуць разглядаць і ажыццяўляць у залежнасці ад сітуацыі ў мясцовых Касцёлах.

На другі дзень сустрэчы біскуп Дуро Граніч прадставіў удзельнікам свой даклад на тэму містагогіі — пастаяннага ўдзелу ў сакрамэнтах Касцёла «Містагогія і няспыннае навяртанне». Падчас дыскусіі па гэтым пытанні ўдзельнікі распавядалі, як у іх краінах ідуць справы з далучэннем людзей усіх узростаў да сакрамэнтальнага жыцця Касцёла, дзяліліся досведам, метадамі і асаблівасцямі працы.

Другая палова дня была прысвечана знаёмству з горадам, асабліва з яго духоўнай культурай. Удзельнікі сустрэчы наведалі старажытны катэдральны касцёл і духоўную семінарыю Загрэба, якая дзейнічае пры ім, завіталі ў найпрыгажэйшы барочны касцёл святой Кацярыны Александрыйскай, пры якім на пачатку XVII стагоддзя была адчынена першая каталіцкая школа, а пасля — першая вышэйшая навучальная ўстанова горада, самы старажытны касцёл святога Марка. Увечары ўдзельнікі сустрэчы былі запрошаныя на святую Імшу з удзелам кардынала Ёсіпа Бозаніча ў парафіі Св. Антонія Падуанскага ў мястэчку Сесвецкім Селіма непадалёк ад Загрэба. Вялікае ўражанне выклікала жывое і смелае вызнаванне веры ўсімі парафіянамі, іх актыўны ўдзел у святой Імшы, гучныя прыгожыя спевы.

На трэці дзень удзельнікі форуму вызначалі тэмы, вартыя абмеркавання на наступных сустрэчах, прысвечаных пытанням катэхізацыі, надаючы асаблівую ўвагу арганізацыі супольнага кангрэса катэхетаў Еўропы з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Еўропы ў 2017 годзе. Таксама яны дзяліліся сваімі дасягненнямі і поспехамі ў катэхізацыі ў кожнай краіне. Напрыканцы былі зроблены агульныя высновы сустрэчы і падрыхтавана справаздача.

Даклад кіраўніка Катэхетычнай секцыі камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры ККББ с. Нунэ Цітаян MSF выклікаў вялікую цікавасць у шматлікіх удзельнікаў і арганізатараў сустрэчы. Асаблівую ўвагу выклікалі беларускія падручнікі і матэрыялы для катэхізацыі, катэхетычныя формы і метады, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі для евангелізацыі. Радуе той факт, што ўзнікла ініцыятыва супрацоўніцтва паміж катэхетычнымі камісіямі Беларусі і Чэхіі, Венгрыі, Славеніі.

Паводле catholic.by