Аплатковая сустрэча вачыма выпускніцы

 На аплатковым спатканні сабраліся не толькі студэнты і выкладчыкі, але  завіталі і  выпускнікі, сярод якіх была Ірына Крыкала.

 

Як былая студэнтка Катэхетычнага каледжа  імя З. Лазінскага, збіралася на аплатковае спатканне з асаблівым пачуццём. Хацелася яшчэ раз перажыць асаблівыя моманты цеплыні і любові, якою поўніцца гэтае месца. Калі сустракала ўжо добра знаёмых студэнтаў, то абдымалася з імі як з роднымі братамі і сестрамі. Іх твары былі крыху стомленыя экзаменамі і падрыхтоўкай да свята, але і свяціліся асаблівай радасцю, якую заўжды адчуваеш, калі рыхтуеш штосьці з душою і рэалізуеш свае таленты на Божую славу. Мяне асабліва ўразіла неардынарная задума Батлейкі, дзякуючы якой я перажыла Раство Хрыстова, нібы была яго сапраўдным сведкам. А на Калядках мне вельмі хацелася дапамагчы анёлам знайсці падарунак для Езуса – чыстае сэрца, якое хацелі адабраць нячысцікі. Але разам мы перамаглі. Задума даволі глыбокая і мудрая: у канцы анёлы і самі здзівіліся, што і ў людзей могуць быць чыстыя сэрцы.

А чаму ж не? Я разважала таксама пра святых, якія, як і мы, калісьці жылі на зямлі. Многія з іх былі зусім простымі людзьмі. Гэта, мабыць, і дапамагло ім зразумець, што без Бога мы нічога не можам. Яны дазвалялі Яму дзейнічаць у іх жыццях, кажучы “так” Духу Святому. Таму я і вырашыла прынесці традыцыю цянуць святых-заступнікаў на перыяд новага году, каб яны сваім прыкладам паказалі нам магчымасць Валадарства Божага ўжо на зямлі, у нашых сэрцах. Думаю, яны шмат у чым нам дапамогуць, асабліва заступніцтвам у небе перад Богам, нашым Айцом.

На аплатковым спатканні асабліва хацелася падзякаваць Богу за дар святарства. Праз паслугу святароў Бог дорыць нам мноства благаслаўленняў. Я, напрыклад, не магу прадставіць свайго жыцця без Эўхарыстыі і споведзі. Езус таксама падрыхтаваў нам падарунак – на нашай сустрэчы прысутнічаў біскуп Антоні Дзям’янка, які, як Добры Пастыр, прыехаў духоўна падмацаваць нас, моладзь, і даць свае айцоускае благаслаўленне.

І ў заключэнне хацелася б выказаць такую думку: Каталіцкая Царква – царква ўсяго свету, таму мы адчуваем сябе як у сапраўднай сям’і і ў Баранавічах, і ў Аўстрыі, дзе зараз вучуся. Бо мы аб’яднаныя Божай любоўю і разумеем, што наша задача – дапамагчы адзін аднаму найлепш гэтую любоў зразумець. Таму ўсім чытачам з радасцю кажу: “З надыходзячым святам Нараджэння Хрыстовага, браты і сестры у Хрысце. Няхай Любоў залечыць раны і прынясе Неба ў вашыя сэрцы і сем’і!”.

Аб тым, якой пабачыла аплатковую сустрэчу яшчэ адна выпускніца каледжа, Вераніка Сідарэня, можна прачытаць тут.

Фотарэпартаж