Семінар “Хрысціянская тэматыка ў свецкіх СМІ”

phoca_thumb_l_seminar-002

У Баранавічах завяршыўся семінар для свецкіх журналістаў, якія пішуць пра хрысціянства. Форум, які праходзіў у Баранавічах з 2 па 3 сакавіка, называўся «Хрысціянства ў свецкіх СМІ» і стаў першым у сваім родзе.

Прадстаўнікі свецкіх СМІ правялі час з карысцю. Шматлікія пытанні, а таксама абмеркаванні ў кулуарах сведчылі пра тое, што з тэматыкай семінара арганізатары не памыліліся.

«Я ехала сюды пачуць і даведацца нешта новае. Тэматыка для мяне актуальная і я хачу пісаць пра каталіцтва для свецкіх СМІ», — прызнаецца рэгіянальны карэспандэнт інтэрнэт-партала Белсату Марына Маўчанава. На думку дзяўчыны, цяжкасці у свецкіх журналістаў, якія пішуць пра хрысціянства, могуць узнікнуць на самым пачатку, калі журналіст толькі плануе ўзяцца за распрацоўку тэмы: рэдактару абраная тэма можа падацца проста нецікавай…

Яе думку падзяляе і Ала Бунеева, літаратурны рэдактар баранавіцкай газеты «Наш край». Журналістка піша на тэматыку праваслаўя.

«Я сутыкнулася з такой праблемай, што ні калегі, ні рэдактар часта не бачаць месца для маёй тэматыкі ў свецкай газеце. Усе тры гады, колькі я працую з рэлігійнай тэматыкай, у нас пастаянна здараюцца сутычкі і дыскусіі: павінна я пра гэта пісаць ці не? А калі павінна, то як? Думаю, павінен прайсці час, каб журналісты зразумелі, што рэлігію немагчыма аддзяліць ад грамадства. Мне кажуць: дзяржава і рэлігія стаяць асобна, на рэлігійную тэму пішы ў рэлігійнае выданне, а ў нас — пішы патроху, не актыўнічай, бо тэма абстрактная. Але я так не лічу. Думаю, гэты канфлікт з часам згладзіцца. Для мяне вера — гэта ўсё».

Дзень І

Семінар распачынаўся з прывітальнага слова ардынарыя Пінскай дыяцэзіі біскупа Антоні Дзям’янкі і даклада Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Варта зазначыць, што прысутнасць амаль на ўсіх пунктах праграмы іерархаў дадавала семінару адмысловы статус: калі ў журналіста было якое пытанне, то кожны мог падысці да біскупаў у перапынках паміж дакладамі.

На дакладах і адмысловай працы ў працоўных групах першы дзень семінара мог і скончыцца. Аднак пытанняў назбіралася столькі, што арганізатары вырашылі дадаць у праграму яшчэ адзін пункт. Першы дзень практычнага семінара завяршала такім чынам «дыскусійная трыбуна».

Тыя, хто не паспеў задаць свае пытанні ў запланаванай частцы семінара, мог скарыстацца гэтым правам ужо вечарам падчас дыскусіі.

У прыватнасці журналіст інтэрнэт-партала «Westki.info» Кастусь Шыталь цікавіўся магчымасцямі, з дапамогай якіх свецкія журналісты могуць паспрыяць дыялогу паміж Касцёлам і чытачамі ва ўмовах дзялення прэсы на «дзяржаўную» і т.зв. «незалежную».

Было зазначана, што Касцёл павінен больш выказвацца ў пытаннях маральнасці, біяэтыкі, праблемаў сям’і, а голас Касцёла павінен быць больш чутны ў сацыяльных праблемах.

Рэлігійны карэспандэнт агенцтва «РИА Новости» Віктар Хруль узгадваючы сваю працу прэс-сакратаром у мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча (з 1997 па 2007 гг.), распавёў пра тое, што як журналіст, ён не баяўся аспрэчваць рашэнні іерарха. Аднак пазней Віктар Хруль перагледзеў свае погляды.

«Калі нейкае рашэнне іерарха для мяне было незразумелым, я ўсведамляў, што трэба даверыцца мудрасці біскупа. Ён больш за мяне ведае, ён за гэта нясе адказнасць і ён хоча дабра для Касцёла».

Са свайго боку спікеры семінара адзначылі, што Касцёл у Беларусі больш, чым іншыя інстытуты, уносіць свой уклад ў падтрымку мовы і культуры.

Дзень ІІ

Другі дзень семінара «Хрысціянства ў свецкіх СМІ» адкрываў даклад генеральнага прадзюсара тэлеканала «Аб’яднанае тэлебачанне» з Санкт-Пецярбурга Міхаіла Фацеева. Сваё паведамленне дакладчык будаваў на тлумачэнні пэўных нюансаў у працы свецкіх журналістаў, якія рыхтуюць матэрыялы для тэлебачання. У прыватнасці Міхаіл Фацееў звярнуў увагу на само паняцце «падзеі»: што можа служыць інфармацыйнай нагодай для сюжэта?

«Падзея» можа ўтрымліваць у сабе адзін з наступных пунктаў: быць выключнай, быць нечаканай, закранаць грамадскую значнасць, у ёй павінна быць навізна і т.зв. «візуальнасць» — тое, што можна паказаць гледачу і што было б для яго цікава. Такім чынам, акрамя тэмы (пра што сюжэт), павінна таксама прысутнічаць нагода — што прымусіла вам зняць гэты сюжэт?

Спікер нагадаў, што любы сюжэт павінен распавядаць пэўную гісторыю: мець факты і герояў (антыгерояў). Пры падрыхтоўцы сюжэта журналіст не павінен забывацца на драматургію і канфлікт у сюжэце: павінна прысутнічаць экспазіцыя, завязка, развіццё, кульмінацыя і развязка.

«Вельмі часта свецкія журналісты зусім не ведаюць прадмет, пра які пішуць, — разважае Лілія Пурымава з  аддзела радыёінфармацыі газеты «Бабруйскае жыццё». — І тэма рэлігіі, на жаль, не з’яўляецца выключэннем. Часам пішуць і здымаюць такую лухту, што нават чалавек без тэалагічнай адукацыі адразу заўважае недарэчнасці і памылкі. Рэлігія сёння ўспрымаецца ў нас, як тэма другасная. Але пройдзе час і погляды павінны змяніцца».

Адным з галоўных пунктаў семінара стала выніковая прэс-канферэнцыя з адказным за СМІ пры ККББ Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. Заключнай часткай семінара стала нядзельная святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп.

Паводле catholic.by