Новы катэхетычны падручнік для 6 класа выдалі ў «Pro Christo»

2015-09-02-nune-2
У выдавецтве «Pro Christo» вельмі добрая навіна для катэхетаў і дзяцей, бо якраз на распачацце навучальнага года ў супрацоўніцтве з Катэхетычнай секцыяй пры ККББ выдадзены новы дапаможнік «Езус Хрыстус — Валадар і Збаўца», аўтарам якога з’яўляецца сястра Нунэ Цітаян з Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і.

Каляровы дапаможнік для 6 класа навучання катэхезы складаецца з падручніка і спецыяльнага рабочага сшытка. Таксама да працы з падручнікам у дапамогу катэхетам падрыхтаваны планы-канспекты, якія можна знайсці на Сatholic.by.
Апрабаваны і максімальна набліжаны да вучня, пададзены сучасна і з густам, мудра і з разнастайнасцю апрацаваных падчас практычнай дзейнасці методык працы са Святым Пісаннем, падручнік з’яўляецца вельмі актуальным і надзённым.
Кожны ўрывак з Евангелля дапамагаюць перажыць і ўявіць якасныя рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў розных эпох і народаў, а перанесці бліжэй да сённяшняга дня дапамагае стужка фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць нашую сучаснасць.
Асноўная частка фотаздымкаў узята з архіваў рэдакцыі часопіса «Дыялог», выдавецтва «Pro Christo» і інтэрнэт-партала Сatholic.by.
На гэтых фотаздымках сучасны Каталіцкі Касцёл у свеце і ў нашай краіне, адлюстраванне сучаснага Евангелля, якое Бог піша ў нашым жыцці — жыцці, якое поўніцца і праблемамі, і разам з тым з’яўляецца вялікім і прыгожым дарам.
Гэта падручнік, па якім не проста навучаюць, але які ствараўся, каб яго перажываць. Праз кожную тэму перажываць асабістую сустрэчу з Езусам Хрыстом, будаваць свае адносіны з Ім.
Аўтар адзначае: «Гэты падручнік не з’яўляецца толькі тэарэтычным дапаможнікам, пабудаваным па пэўных правілах (хоць якраз і пабудаваны па пэўных прынцыпах), але самае важнае ў ім тое, што ён апрабаваны падчас катэхетычных заняткаў з дзецьмі».
Сястра Нунэ Цітаян MSF, працуючы з дзецьмі Ашмяншчыны, рыхтавала свой падручнік (дарэчы, ужо другі па ліку) на працягу трох гадоў. Кнігу чакалі як многія катэхеты, так і самі дзеці, і, як з усмешкай прыгадвае аўтарка, часамі пыталіся:
«Ну што, сястра Нунэ, напісалі Вы ўжо свой падручнік?»
Вось падручнік і напісаны, выдадзены і чакае сваіх юных адкрывальнікаў Божага слова і Яго праўды.
Дапаможнік будзе распаўсюджвацца ў дыяцэзіях Беларусі і будзе карысны не толькі дзецям, але і іх бацькам, у многіх з якіх не было магчымасці наведваць катэхетычныя заняткі.

 

Паводле catholic.by