Малая справа — вялікая дапамога
Часам нам здаецца, што любіць – гэта вельмі складана, што любоў патрабуе ад нас шмат часу і намаганняў. Але, як паказвае практыка, гэта зусім не так!
Асабліва зараз, у складаных зімовых умовах, шмат хто чакае нашай дапамогі, у тым ліку і сярод братоў меншых. Асаблівую ўвагу варта звярнуць на птушак: за кароткі светлавы дзень ім складана знайсці дастатковую колькасць ежы. У выніку, шмат сінічак, вераб’еў і зелянушак гіне.
Менавіта таму студэнты Катэхетычнага каледжа вырашылі не пакідаць у бядзе маленькіх сяброў, што засталіся ў маразы на Бацькаўшчыне. Але нават да такой звычайнай справы, як кармленне птушак, нашыя студэнты падышлі творча.
Як вядома, прывабны выгляд стравы павялічвае апетыт. Таму студэнты падрыхтавалі незвычайныя і вельмі прыгожыя кармушкі ў выглядзе сэрцаў, елачак і званочкаў. Для гэтага ім спратрэбіліся самыя простыя матэр’ялы і крыху вольнага часу. Затое 25 снежня птушкі маглі паласавацца зернем і семечкамі, і ў сваю чаргу віннымі не засталіся: удзельнікі акцыі зарадзіліся добрым настроем на ўвесь тыдзень.