Гістарычны дзень
31 мая – гістарычны дзень не толькі таму, што ён скончыў вясну 2015 года, але і таму, што ў гэты дзень выпускнікі здалі апошні выпускны экзамен.
Як і штогод, студэнты павінны былі пацвердзіць свае веды па трох прадметах: дагматычнай тэалогіі, Святому Пісанню і, канешне, катэхетыцы.
Першы экзамен, па дагматычнай тэалогіі, прайшоў 9 мая. Экзаменацыйная камісія ў складзе ксяндза Алега і Ядвігі Шчучко ацанілі веды студэнтаў на выдатна. Як адзначылі самі студэнты, гэта было самае легкае выпрабаванне: не таму, што аб’ем матэрыяла да падрыхтоўкі быў невялікі, а таму, што ксёндз Алег Сількевіч, які выкладаў гэты прадмет на працягу трох гадоў, сумеў проста і даступна растлумачыць нават самыя складаныя тэмы, над якімі тэолагі спрачаюцца ўжо не адно стагоддзе.
10 мая выпускнікоў чакаў іспыт з катэхетыкі. Сярод студэнтаў гэты прадмет лічыцца адным з найбольш складаных, таму студэнты расхваляваліся не на жарт. Але дарэмна, бо сёлета, каб атрымаць добрую адзнаку, трэба был абараніць пісьмовую работу і адказаць на некалькі пытанняў практычнага характара, з чым усе выпускнікі добра справіліся, парадаваўшы і сябе і выкладчыкаў, сястру Таццяну Халапук і ксяндза Юрыя Хіневіча.
Апошнім трэццякурснікі здавалі экзамен са Святога Пісання. 31 мая, пасля сімпозіума “Сексуальнасць: ад Бібліі да псіхалогіі”, спадар Уладзіслаў Валаховіч выслухаў адказы студэнтаў па прадмеце, які назаўсёды застанецца самым важным для кожнага хрысціяніна, незалежна ад таго, як складзецца яго катэхетычная “кар’ера”.
Выпускнікі ад усяго сэрца дзякуюць усім сваім выкладчыкам за веды і досвед, якімі яны шчодра дзяліліся на працягу трох гадоў, а таксама за іх адкрытыя сэрцы, шчырасць і прыклад адданага служэння Касцёлу.