Дзяліцца ведамі не менш прыемна, чым атрымоўваць іх самім: студэнты 2 курса паспрабавалі сябе ў якасці катэхетаў

22 сакавiка 2014 года застанецца ў памяцi будучых катэхетаў другога курса надоўга. Справа ў тым, што на гэтым з’ездзе студэнты разам з сястрой Таццянай Халапук упершыню трапiлi ў нядзельную школу ў якасцi выкладчыкаў i правялi 4 катэхезы.

Гэта стала добрым досведам для студэнтаў. Дагэтуль студэнты мелi заняткi практычнай катэхетыкi толькi ў сцянах каледжа, зараз жа адчулi на сабе, якая яна –  праца катэхета.

Вядома, на пачатку ўсе вельмi хвалявалiся: што сказаць? як зацiкавiць дзяцей? у якой форме лепш данесцi да iх iнфармацыю? як не абдзялiць увагай ніводнае дзiця? На шчасце, у касцёле Святога Зыгмунта студэнтаў сустрэлi сёстры Ядвiга i Наталля, якiя падзялiлiся досведам сваёй працы i далi каштоўныя парады. Да i самi дзецi дапамагалi сваім новым катэхетам: актыўна ўдзельнiчалi ў занятках, ахвотна адказвалi на пытаннi i «завальвалi» сваiмi «чаму?» i «як?».

Вярталiся студэнты-катэхеты ў каледж вельмi ўзрушаныя, хаця i трохi стомленыя. Але гэта была прыемная стомленасць: дзялiцца ведамi з дзеткамi не менш прыемна, чым атрымоўваць iх самiм у любiмым каледжы.

Фотарэпартаж