«Беларуская дэкларацыя абароны жыцця чалавека»
У Мінску 13 сакавіка адбылася канферэнцыя «Роля традыцыйных веравызнанняў у вырашэнні праблем захавання жыцця і дэмаграфічнай бяспекі Беларусі», падчас якой была прынята «Беларуская дэкларацыя абароны жыцця чалавека».
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Беларуская Праваслаўная Царква і Мінска-Магілёўская рыма-каталіцкая архідыяцэзія.
У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі розных традыцыйных канфесій у краіне, а таксама спецыялісты па дадзенай тэме. Сярод іх з прывітальным словам ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Тадэвуша Кандрусевіча выступіў дапаможны біскуп Юрый Касабуцкі.
Падчас канферэнцыі з дакладамі выступілі кіраўнік грамадскай ініцыятывы Рух «Пралайф Беларусь» Таццяна Тарасевіч, дырэктар Дабрачыннага фонда абароны жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч, якія змаглі глыбока раскрыць праблему абортаў, як на тэрыторыі Беларусі, так і ў замежных краінах.
Мела сваё слова загадчыца аддзялення павышэння кваліфікацыі, выкладчыца акушэрства і гінекалогіі Барысаўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Святлана Мазгунова. Дакладчыца звярнула ўвагу на патрэбу ў зменах выкладання ў медыцынскіх установах, пачынаючы са зменаў у фармулёўцы тэрміналагічных адзінак, выключаючы такія словы, як “прадукт зачацця” і г.д., і працягваючы зменамі ў саміх праграмах, адной з тэмаў якіх з’яўляецца аборт.
Таксама сярод выступоўцаў былі: Алена Перапяліца, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута прававых даследаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў; прадстаўнік Евангелічна-лютэранскіх супольнасцей пастыр Уладзімір Татарнікаў; кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, біскупскі вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі; прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы: епіскап Барысаўскі, вікарый Мінскай епархіі Веніямін, а. Сяргей Гардун, а. Сяргей Лепін; прадстаўнік Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання Абу-Бекір Шабановіч, прадстаўнік Аб’яднання іудзейскіх рэлігійных супольнасцяў рабін Шнеор Дайч і інш.
Праведзеная канферэнцыя скончылася прыняццем выніковай Дэкларацыі і зацвярджэннем плана супрацоўніцтва для рашэння сацыяльных і дэмаграфічных праблемаў.
Дадатковай прапановай была ідэя стварэння ініцыятыўнай групы, мэтамі якой была б сумесная дзейнасць па абранаму пытанню.
З тэкстам прынятай Дэкларацыі можна пазнаёміцца на інфармацыйна-аналітычным партале «Пралайф Беларусь».
Паводле Catholic.by