9 Мая з малітвай

Дзень Перамогі. Парады, канцэрты, гульні, салют – увесь дзень праходзіць у шуме, весялосці і безклапотнасці. Але можа нашыя ветэраны і тыя, хто аддаў сваё жыццё за Бацькаўшчыну, патрабуюць не толькі чырвоных цюльпанаў і георгіеўскіх стужак, не толькі курганоў і ўзгадвання ў школьных падручіках? Ціхая малітва, што нараджаецца ў самай глыбіны сэрца, можа зрабіць для іх значна больш, бо для Усемагутнага Бога няма нічога немагчымага.

Менавіта таму 9 Мая студэнты, што прыехалі ў каледж на чарговы навучальны з’езд, сабраліся вечарам у капліцы, каб разам памаліцца за тых, хто падараваў нам мірнае неба над галавою.

У плынь цішыні мякка ўліліся словы малітвы…

70 год… Гэта многа ці мала? Здаецца, зямля ўжо сцерла сляды жахлівых падзей, амаль не засталося відавочцаў, памяць замалявала раны новымі каляровымі ўражаннямі… імклівае жыцце ўсе далей нясе нас наперад…

Але сення затрымаемся на некалькі хвілін. Адкрыем свае сэрцы, не будзем баяцца адчуць боль. Боль за тое, што згубілі блізкіх, зруйнавалі гарады, спалілі вескі, знішчылі культурныя здабыткі… Калі баліць – значыць любім. Калі любім – будзем памятаць…

Святы Ружанец. Таямніцы балесныя.

Таямніца 1. Малітва Езуса ў садзе Аліўным

Разважаючы над першай таямніцай Святога Ружанца, просім Добрага Бога аб вечнасці для ўсіх тых, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны.            

Вайна ішла ўжо не першы месяц. І хаця пакуль яна здавалася яшчэ далекай і чужой, пэўна, людзі чакалі, што вось-вось гэта бяда пагрукаецца і ў іхнія дзверы. Яны баяліся гвалту, страт, слез, баяліся смерці. Ці не такія ж пачуцці ахапілі ў садзе Аліўным сэрца Езуса? Ці не разам яны маліліся словамі “Ойча, калі Ты хочаш, адхілі ад Мяне гэты келіх”?

Не дарэмна баяўся Езус. Не дарэмна баяліся і мільены тых, для каго гэтая вайна так і не скончылася. “Але не Мая воля, а Твая няхай станецца”. Езус так давяраў Айцу, так верыў у Яго любоў, што рашуча згаджаўся прыняць любую Яго волю. Мы вучымся ў Езуса такому даверу і таму аддаем Тваей міласэрнасці, Добры Божа, усіх тых, каго страцілі падчас гэтай страшнай вайны. Будзь ласкавы прыняць іх у Свае Валадарства і дараваць ім не зменлівы супакой гэтага свету, але супакой вечны.

Святая Марыя, маліся разам з намі, каб мы не паснулі, змучаныя тугою, як апосталы, але заўседы трывалі ў малітве за тых, хто аддаў свае жыцце, каб мы мелі мірнаае неба над галавою.

Таямніца 2. Бічаванне Езуса

Разважаючы над другой таямніцай Святога Ружанца, просім Міласэрнага Бога аб усіх патрэбных ласках для ветэранаў, а таксама для тых, хто ім дапамагае.

Езу, хто, як ні Ты, ведае боль чалавечага цела? Зранены, акрываўлены салдат. Ці не падобны ен да бічаванага Хрыста? Раны Твае застануцца і пасля Уваскрасення. Таксама яны засталіся і на целах удзельнікаў вайны пасля уваскрашэння з попелу нашай Бацькаўшчыны. Пане, просім Цябе, загаі гэтыя раны, дай церпячым пакоры прыняць недасканаласць чалавечага цела і мужнасці радавацца кожнаму дню, нягледзячы на боль.

Езу, хто, як ні Ты, ведае боль чалавечага сэрца? Смерць любімых людзей, страх, надакучлівыя ўспаміны, пякучае пачуцце віны…Душы тых, хто змагаўся за Радзіму, знявечаны не менш, чым целы. І аздаравіць іх можа толькі адзін лекар – Езус. Таму просім Цябе, Божа, разам з бязмежным дарам Тваей Мукі і Смерці, даруй ім таксама і супакой Уваскрасэння.

Марыя, Маці Божая, навучы ўсіх тых, хто дапамагае ветэранам, з пакорай прымаць любыя выпрабаванні, а нас – ніколі не быць абыякавымі і з удзячнасцю служыць тым, хто падараваў нам жыцце.

Таямніца 3. Укаранаванне Езуса цернем

Разважаючы над трэцяй таямніцай Святога Ружанца, просім Бога аб мужнасці заўседы трымацца любоўю для кіраўнікоў дзяржаў і міжнародных арганізацый.

Здаецца, сенняшні чалавек згодны зрабіць усе што заўгодна, каб атрымаць славу і ўладу. Мы шукаем гэтага паўсюль, у любой супольнасці: у сям’і, сярод сяброў, на працы, у касцеле, у сваім горадзе і краіне. Хвіліна ў тэлеэфіры, два неабдуманых слова ў інтэрнэтпрасторы – і вас ведае ўвесь свет. Дзеля гэтага мы згодныя на любое зло, падман, жорсткасць, гвалт. Губляем сорам і літасць. Толькі адной славы мы не хочам – славы Караля Юдэйскага. Толькі адной улады не жадаем – улады ўсепаглынаючай любові.

Божа, Ты даеш усялякую ўладу. Глянь ласкава на ўсіх тых, хто сення кіруе светам. Перамяні іхнія сэрцы, навучы іх не толькі кіраваць, але служыць, ў любых рашэннях непахісна трымацца міласэрнасці і любові.

Марыя, Маці Міласэрнасці, навучы нас і асабліва тых, хто займае высокія пасады, не баяцца любіць, нават калі гэтая любоў прыносіць на боль і знявагу.

Таямніца 4. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую

Разважаючы над чацвертай таямніцай Святога Ружанца, молімся за краіны, дзе сення адбываюцца ваенныя дзеянні, асаблівым чынам за Украіну.

Езус, узяўшы свой крыж, узяўшы грахі усяго свету, нясе на гару Кальварыйскую. Давайце ж паглядзім на тыя краіны, у якіх зараз ідзе вайна, на простых людзей, якія падобна Езусу, таксама ні ў чым не павінны, якія адчуваюць сябе прыгнечанымі, пакінутымі і адчуваюць вялікі цяжар свайго крыжа, “агульнага, народнага крыжа”. Як жа блізка з імі у гэты час Езус. А колькі такіх людзей ва ўсім свеце ? Колькі людзей паміраюць з-за вызнанне сваей веры, а колькі становяцца ні ў чым непавіннымі ахвярамі, якія памерлі раптоўнай і неспадзя

Па дарозе на Кальварыю, Езусу дапамагае несці крыж Сымон Кырынеец. Менавіта у гэтай дапамозе мы можам убачыць братэрскую дапамогу людзей адзін аднаму, дзе пад час воінаў так важна быць разам. У тых краінах, што сення ўдзельнічаюць у ваенных канфліктах, мы чуем “голас вайны” і слезы жальбы па тых людзях, якіх ужо няма разам з намі. І разам з усімі, хто застаеца адзін на адзін са сваім горам, адчувае ўвесь жах вайны, моцна ўсклікаем:

Божа, дапамажы вынесці гэты крыж. Няхай спынуцца воіны, а на тваёй зямлі установіцца мір і любоў да кожнага чалавека.

Святая Марыя, навучы нас заўседы слухаць Божы голас, які кажа нам любіць.

Таямніца 5. Укрыжаванне і смерць Езуса

Разважаючы над пятай таямніцай Святога Ружанца, просім Добрага Бога аб супакоі ва ўсім свеце.

Пане, на самым пачатку ты стварыў свет з нічога, калі быў толькі хаос. Ты стварыў яго неверагодна прыгожым і гарманічным. Сення наш свет зноў нагадвае той хаос, які панаваў да стварэння свету. Грэх чалавека знішчае ўсе: прыгажосць навакольнага свету, адносін паміж людзьмі і паміж чалавекам і Богам. І самі мы не здолеем гэтага перамяніць, не здолеем без Тваей дапамогі.

Ты, Пане, ведаючы нашую слабасць, даеш нам Свайго Сына. Ен прымае на сябе ўсе хваробы нашых душ і Сваей смерцю на крыжы ацаляе нас. Ацаляе з нашай нянавісці, злосці, зайздрасці, пагарды… “ Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам” (Ян 14,27) – кажа Пан Езус. Просім Цябе, няхай Твой супакой агарне ўвесь свет.

Марыя, Каралева супакою, агарні ўвесь свет сваім матчыным плашчом, каб кожнае твае дзіця адчувала сябе ў бяспецы.

 

У вечаровым змроку ярка палымнелі сем лампадак і сэрцы тых, хто, стоячы на каленях, перабіраў у руках пацеркі ружанца…

P.S.Разважанні Святога Ружанца падрыхтаваны студэнтамі Катэхетычнага каледжа.

Фотарэпартаж