7 з паловай наказаў у 75-ую гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння кардынала Казіміра Свёнтка
8 красавіка 1939 года ў Пiнскай катэдры пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семiнарыi атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне Казімір Свёнтэк. З таго часу мінула 75 гадоў. Сёлета 21 кастрычніка ў Касцёле Беларусі будуць узгадваць і 100 гадоў з дня нараджэння гэтага чалавека, які стаў прыкладам мужнасці і нязменнай трываласці ў служэнні Богу і людзям.
Прапануем 7 з паловай наказаў кардынала, якія паўсталі з тых рэчаў, якія былі прамоўлены ім падчас яго зямнога жыцця і служэння беларускаму народу:
1. Не проста спадзявацца, але ведаць.
«Нават у той час, калі сядзеў у камеры смерці, я ведаў, што кожны пражыты дзень набліжае мяне да волі».
2. Жыць, нічога не выключаючы.
«Калі б пачынаў жыццё наноў, то выбраў бы менавіта гэты шлях разам з усім тым, што давялося перажыць, нічога не выключаючы: ні ўзнёслых, цудоўных хвілінаў, ні камеры смерці, ні Сібіры, ні Варкуты…»
3. Памятаць, што просьбы выконваюцца.
«Біскупе Лазінскі, — сказаў я, — маю да цябе дзве просьбы: каб я праз усё жыццё быў верным слугою Хрыста (зразумела, як чалавек свецкі, але адданы Богу), і каб мая мама жыла як мага даўжэй».
Аказалася, што абедзве тыя просьбы біскуп Лазінскі выслухаў. Маці мая пражыла 91 год. Праўда, наконт другой ён вырашыў па-свойму: калі хочаш быць слугою Божым, — павінен быць святаром. І хоць я ніколі да таго часу не думаў пра святарскае пакліканне і не прасіў аб гэтым, аднак, выйшаўшы з падзямелля пінскай катэдры, быў упэўнены, што стану ксяндзом».
5. Быць перакананым у тым, што зло пахіснецца.
«Я ўвесь час быў перакананы, што гэтая камуністычна-атэістычная сістэма і ўвесь агромністы Савецкі Саюз, гэты калос, стаіць на гліняных нагах і рана ці позна ногі гэтыя пахіснуцца і ўсё разваліцца, распадзецца ў друзкі…»
6. Стрымліваць слова і дзякаваць Богу.
«Слова сваё я стрымаў, абяцанне выканаў: мінская катэдра адбудавана і адноўлена! Дзякуй Табе, Божа!
О Божа, які ж Ты добры! – узнаўленне мінскай катэдры – гэта справа не наша, людзей слабых і бедных, але справа Твая, Божа Усемагутны і міласэрны».
7. Няхай дрыжыць голас, дрыжаць рукі ад прысутнага «Вязня Любові».
«Прашу мне паверыць: я знешне ўтаймоўвоўваю сябе, каб гэтага не было відаць, але на працягу 70 гадоў, калі я цэлебрую святую Імшу і пры вымаўленні словаў кансэкрацыі бяру ў рукі гостыю і келіх, кожны раз у мяне дрыжыць голас, дрыжаць рукі. А як жа міла адараваць «Вязня Любові», прысутнага ў Касцёле ў табэрнакулюме! Падчас адарацыі я не размаўляю, у мяне проста няма словаў… Я кленчу, гляджу на табэрнакулюм – і са мной на свой Боскі лад размаўляе Езус Хрыстус».
7,5. «У такім выпадку, вар’яцейце далей!»
«Згадваю маю першую кананічную візітацыю парафіі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сустрэў мяне вельмі малады святар, які прыехаў з Польшчы, каб весці пастырскую дзейнасць у Беларусі. Ён даў пажылому чалавеку крыж, і мы накіраваліся да касцёла. Ад яго засталіся толькі чатыры абшарпаныя сцяны без страхі, акон і дзвярэй, ляталі толькі галубы і вароны. Перад сцяной фасада стаяла больш за дваццаць пажылых жанчын, якія, як толькі ўбачылі мяне, усе хутка падышлі і, не зважаючы на моцную збянтэжанасць, прыпалі да маіх ног і пачалі іх цалаваць. Гэта ўзрушыла мяне, але не было магчымасці супраціўляцца. Іх можна зразумець. Яны ўпершыню ў жыцці ўбачылі каталіцкага біскупа, убачылі пасля столькіх гадоў пераследу і каля іх зруйнаванага касцёла. Потым яны ўсталі, падышлі да сцяны касцёла і дрыжачымі старэчымі галасамі заспявалі «Serdeczna Matko». Ці магчыма было біскупу не плакаць, бачачы такое сведчанне веры ў Бога і Касцёл?! А таго маладога святара я запытаўся, што яго прымусіла пакінуць родных, дыяцэзію, радзіму і прыехаць сюды на пустыннае месца Беларусі. Адказ быў кароткі: «Таму што я належу да Божых вар’ятаў». Я абняў яго, пацалаваў і шапнуў на вуха: «У такім выпадку, шаноўны святар, вар’яцей далей». А ён і «вар’яцее». Ужо аднавіў з руінаў тры касцёлы. Я не паспяваў іх асвячаць!»
Паводле catholic.by.